Skip to main content

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Віншаванні ад рэдакцыі

winszwaniДарагія чытачы, нашы сябры і ўсе людзі добрай волі!

Aд імя супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі хацеў бы выказаць вам радасныя, поўныя надзеі і аптымізму святочныя віншаванні.

Прычына гэтых некалькіх простых слоў – пустая грабніца Езуса Хрыста, якая сведчыць пра Яго ўваскрасенне.

Хрыстус Пан уваскрос і жыве навекі! Гэта таямніца нашай веры, гэта наша, Яго вучняў, надзея. Ён уваскрос і тым самым гарантуе, што і мы ўваскрэснем пасля сканчэння гэтага свету.

Таму нам патрэбна блізкасць жывога Бога, цеплыня Яго добрых параненых далоняў. Каб мы не акасцянелі ў сабе і адзін для аднаго, каб нашы словы не сталі камянямі, якія кідаюцца са злосцю і толькі раняць. Каб у нас не памёрла перакананне, што можна жыць і лепш, і прыгажэй. Бо гэта ж тое, пра што мы ўсе марым!

Усім нашым сябрам, дарагім чытачам, кожнаму, хто натхняецца нашай сціплай дзейнасцю на карысць разумення і абвяшчэння Слова, жадаем вясёлых святаў Уваскрасення Пана! Няхай Хрыстус і далей атуляе нас усіх сваёй пастаяннай апекай і вядзе да хвалы ўваскрасення!

Вясёлых святаў Вялікадня!

З павагай,

кс. канонік Юрый Марціновіч

прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі