З 26 сакавіка па 2 красавіка ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні і філіяльнай капліцы Маці Божай Вастрабрамскай у Залессі адбыліся святыя місіі. Іх правялі святары ордэну аблатаў Беззаганнай Марыі айцы Анджэй Юхневіч OMI і Павел Лемех OMI, якія служаць у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне (Віцебская дыяцэзія).
Святыя місіі – тэматычныя рэкалекцыі для ўсёй парафіі, мэтай якіх з’яўляецца ўмацаванне і аднаўленне жыцця веры. Звычайна яны доўжацца тыдзень. Па запрашэнні пробашча ў парафію прыбываюць святары-місіянеры, каб навучыць вернікаў асноўным праўдам веры і маральнасці. У парафіі праходзяць набажэнствы, у канцы місій вернікі спавядаюцца і прымаюць святую Камунію, а таксама ўрачыста асвячаецца місійны крыж, які місіянеры ставяць перад касцёлам. Карыстаючыся гэтым часам, кожны вернік можа адкрыць сваё сэрца Богу. Звычайна місіі ў парафіі праводзяцца раз на дзесяць год.
Місіі, якія, можна з упэўненасцю сказаць, умацавалі веру жыхароў Смаргоні і Залесся, пачаліся ўрачыстым увядзеннем місіянераў у парафію. Пробашч кс. Артур Ляшнеўскі SDB урачыста павітаў прапаведнікаў: даў ім для ўшанавання касцёльны крыж, уручыў кнігу Божага Слова і Пасхал, які місіянеры ўрачыста ўнеслі ў святыні як сімвал святла Хрыстовага Евангелля. Пасля пробашч усклаў на плечы місіянераў святарскія стулы і перадаў ім на час місій душпастырскую ўладу ў парафіі. Таксама ён удзяліў ім благаслаўленне на плённае навяртанне парафіян і ўзмацненне ў веры.
У панядзелак вернікі разважалі над Божымі запаведзямі і іх важнасцю ў жыцці хрысціянаў. Было ўзгадана, што запаведзі з’яўляюцца нашай абаронай. У казанні а. Павел звярнуў увагу на тое, што ўсе запаведзі важныя і нельга змяняць ніводнай з іх. Пасля гаміліі парафіяне ўдзельнічалі ў набажэнстве “Сінайскага закону”: вызнавалі веру словамі дзесяці запаведзяў, прасілі Пана аб вытрымцы ў іх выкананні і клалі руку на святую Білію, абяцаючы выканаць гэты Божы закон у сваім жыцці.
У аўторак парафіяльная супольнасць звяртала асаблівую ўвагу на памяць пра хворых і састарэлых. З ранку ўсе святары наведвалі хворых у іх дамах, спавядаючы, удзяляючы Камунію і намашчаючы алеем хворых. На Імшах прапаведнікі адзначалі, што хворыя –скарб парафіі, бо яны сваім цярпеннем і болем могуць выпрасіць у Бога ласкі навяртання для ўсёй парафіяльнай супольнасці.
У сераду ў парафіі быў місійны дзень памяці аб памерлых. У казаннях місіянеры раскрывалі ўдзельнікам сэнс памірання па-хрысціянску, параўноўваючы духоўна плодную смерць вучня Хрыста з “мастацтвам” памірання. Вечарам уся супольнасць удзельнічала ў жалобнай працэсіі на могілкі праз горад. Падчас шэсця вернікі маліліся за памерлых святароў, за сваіх родных, за загінулых у войнах і катастрофах, за тых, чые магілы не пазначаныя крыжам і пра якіх ніхто не памятае. Да серады ўключна пасля кожнага казання біў “пакутны” звон, мэтай чаго было “абуджаць” тых парафіянаў, якія адкладваюць дзень свайго навяртання.
У чацвер парафія святкавала місійную ўрачыстасць Эўхарыстыі. Увесь дзень вернікі разважалі над сутнасцю эўхарыстычнага цуду і важнасцю яго прыняцця. Вечарам пасля эўхарыстычнага набажэнства парафіяне тройчы абышлі сваю святыню, несучы ў працэсіі харугвы, фэрэтроны, спяваючы эўхарыстычныя песні пад гук касцёльных званоў. Пасля працэсіі вернікаў чакала начная эўхарыстычная адарацыя “Ноч Нікадэма”, на якой яны праслаўлялі Божае Цела і мелі магчымасць індывідуальнага благаслаўлення манстранцыяй са святой Гостыяй.
Пятніца была днём пакаяння і ўшанавання святога Крыжа. Вернікі і духавенства ў гэты дзень захоўвалі пост на вадзе і хлебе як уміласціўленне Бога за ўчыненыя грахі. Вечарам у касцёл быў урачыста ўнесены пад гук драўляных трашчотак крыж пакаяння. Перад ім парафіяне – спачатку мужчыны, затым жанчыны, моладзь і дзеці – па чарзе прасілі ў Бога прабачэння. У канцы набажэнства пробашч лёг крыжам перад алтаром, просячы прабачэння за грахі ўсёй парафіі. Пасля адбыўся Крыжовы шлях вуліцамі горада, падчас якога вернікі, несучы вялікі крыж, разважалі над Мукай Езуса Хрыста.
У суботу смаргонцы святкавалі Марыйны дзень. Набажэнствы да Божай Маці, спевы і тэматычныя казанні скончыліся ўрачыстым чынам аддання парафіі Беззаганнай Панне Марыі. Чын прысвячэння здзейсніў пробашч, вакол якога падчас гэтага дзеяння стаялі члены марыйных рухаў парафіі, трымаючы запаленыя свечкі і тым самым выяўляючы сваю падтрымку ўсёй парафіі і малітоўную салідарнасць з ёй.
У Пальмовую нядзелю святыя місіі ўрачыста завяршыліся. Пасля Эўхарыстый вернікі збіраліся ля місійнага крыжа, пад якім вызнавалі веру продкаў і абяцалі вернасць Богу.
На заканчэнне місіянеры асвяцілі місійную табліцу на крыжы і ўсталяваныя ля яго фігуры Маці Божай Балеснай і св. Яна Евангеліста. Пасля місіянеры перадалі пробашчу святарскія стулы ў знак таго, што місіі скончыліся. Кожны з вернікаў мог індывідуальна ўшанаваць місійны крыж.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі