29 сакавіка кусташ дыяцэзіяльнага санктуарыя Каралевы нашых сем’яў у Тракелях кс. канонік Юрый Бяганскі наведаў Лідскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Там святар сустрэўся з удзельнікамі супольнасці “Актыўнае даўгалецце”, якія атрымоўваюць паслугі падтрымкі ў крызіснай сітуацыі і знаходзяцца ў гэтым цэнтры дзённа. Сустрэча была прысвечана тэме посту і велікодных традыцый.
Удзельнікі сустрэчы разважалі над гісторыяй і традыцыямі Вялікага посту, які з’яўляецца часам асаблівага дотыку Божай ласкі, пакаяннем, прабачэннем і ахвярай. Ксёндз Юрый затрымаўся на тэме традыцый святкавання Вялікадня ў розных краінах, падрабязна расказаў аб літургіі Вялікага тыдня і г.д., адказаў на пытанні, якія хвалявалі прысутных: “Навошта мы фарбуем яйкі?”, “Чаму даты Вялікадня ў католікаў і праваслаўных адрозніваюцца?”, “Што павінна быць у велікодным кошыку?” і інш.
На заканчэнне сустрэчы святар з нагоды Вялікадня пажадаў удзельнікам шчодрых дароў ад Уваскрослага Езуса, а ў першую чаргу – Божага супакою ў сэрцах і сапраўднай радасці.
Такія сустрэчы аб’ядноўваюць пажылых і адзінокіх людзей, сведчаць, як важна атуліць іх цяплом і клопатам – асабліва тых, хто мае патрэбу ў дапамозе і спагадзе, тым самым аказваючы ім неабходную духоўную падтрымку.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі