20 сакавіка парафія св. Міхала Арханёла ў Смаргоні адзначыла ўрачыстасць св. Юзафа, абручніка Найсвяцейшай Панны Марыі і зямнога айчыма Езуса.
Святы Юзаф з’яўляецца апекуном Касцёла, людзей працы, мужчын і бацькаў, апекуном добрай смерці, а таксама салезіянскай кангрэгацыі, якая нясе служэнне ў Смаргоні.
У смаргонскай парафіі ў гэты дзень асаблівая ўвага звяртаецца на апеку св. Юзафа над мужчынамі і хлопцамі. Там сталася ў пэўным сэнсе традыцыяй адзначаць гэтую ўрачыстасць як мужчынскі каталіцкі дзень. Святы Юзаф вельмі шануецца ў парафіі: у касцёле змешчана яго вялікая фігура, а ў 19-ы дзень кожнага месяца мужчыны парафіі збіраюцца на супольную адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і ўшанаванне святога рамесніка з Назарэта.
Да сёлетняй урачыстасці парафія рыхтавалася праз навэнну, якую вернікі маліліся ля фігуры святога. Ва ўрачыстасць мужчыны парафіі сабраліся на супольнае разважанне Крыжовага шляху, падчас якога рабілі рахунак са сваіх грахоў. На галоўнай Эўхарыстыі відавочную большасць вернікаў складалі мужчыны. Святарамі, якія прысутнічалі на Імшы, былі ксяндзы салезіяне Артур Ляшнеўскі, Здзіслаў Вэдэр, Міхал Радзевіч і Юзаф Занеўскі, пробашч з Жупранаў, які ў гэты дзень адзначаў імяніны.
У гаміліі, якую прамовіў кс. Артур, былі закранутыя два важныя аспекты апекі св. Юзафа: апека над працуючымі і над айцамі сямей. Святар нагадаў вартасці айцоўства, а таксама тое, што ўзор айца мы маем у асобе гэтага святога.
У канцы Імшы адбылося індывідуальнае благаслаўленне мужчын і хлопцаў. Пасля быў асвячаны новы фэрэтрон св. Юзафа, з якім вернікі абышлі вакол касцёла ў працэсіі пад гук званоў і спеў літаніі да святога мужа Марыі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі