27 лютага ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшоў дзень засяроджання для святароў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.
Удзел у сустрэчы прынялі больш за 60 святароў – дыяцэзіяльных і з манаскіх супольнасцяў, у першую чаргу з Гродзеншчыны і Лідчыны. Узначаліў мерапрыемства біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Сустрэча пачалася набажэнствам Крыжовага шляху. У разважаннях падчас набажэнства духоўны айцец святароў дыяцэзіі а. Андрэй Шчупал CSsR засяродзіў увагу на тэме адносін святара з Богам, падкрэсліўшы, што гэтыя адносіны трэба пастаянна развіваць.
У канферэнцыі а. Томаш Ксёнжкевіч CMF, пробашч парафіі Хрыста Валадара Сусвету ў Азёрах (дэканат Гродна-Усход), казаў пра крыж, які нясуць святары. Ён заахвоціў іх несці па прыкладзе Езуса крыж сваіх штодзённых абавязкаў, свайго служэння, робячы гэта ў вернасці Хрысту, Найвышэйшаму Святару, і ў адзінстве з Ім.
Дзень засяроджання завяршыўся святой Імшой, якую ўзначаліў пастыр дыяцэзіі. У капліцы семінарыі духавенства на чале з біскупам малілася за ўсіх, хто ўтварае Касцёл у Гродзенскай дыяцэзіі.
У гаміліі а. Анджэй Ядкоўскі CSsR, настаяцель супольнасці рэдэмптарыстаў і пробашч гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля, разважаючы над прызначаным на гэты дзень Божым словам, заклікаў святароў адкрыць у Вялікі пост свае сэрцы на Бога і бліжняга, найперш на ўсіх тых людзей, да якіх яны былі пасланы.
У канцы сустрэчы біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім прысутным за ўдзел у ёй i заклікаў да яшчэ большай руплівасці і стараннага служэння вернікам у сваіх парафіях.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Віталій Сямёнаў