Skip to main content

Біскуп Аляксандр Кашкевіч у Папяльцовую сераду: Бог чакае нас з раскрытымі абдымкамі

papelec 4422 лютага, у Папяльцовую сераду, якая пачынае час Вялікага посту ў Каталіцкім Касцёле, святую Імшу апоўдні ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Іерарх маліўся за ўсіх вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі, каб святы час посту прынёс ім духоўныя плёны і ўзбагаціў у веры і любові.

На літургіі сабраліся шматлікія вернікі. Падчас спецыяльнага абраду іх галовы былі пасыпаны попелам, які нагадвае, што ўсё матэрыяльнае прамінае, а вечны толькі Бог.

papelec 40

Біскуп Кашкевіч адзначыў у гаміліі, што кожны чалавек без выключэння – шэдэўр Божай любові, найцудоўнейшае з усіх стварэнняў, бо носіць у сабе вобраз і падабенства Бога.

Таму іерарх прапанаваў задаць сабе на парозе Вялікага посту пытанне: што я раблю з гэтай Божай любоўю і з дарамі, якія атрымаў?

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў усіх прысутных да навяртання, якое бярэ пачатак ад прызнання сваёй мізэрнасці і залежнасці ад Бога.

“Трэба прызнаць, што не можа быць жыцця без Бога, што мы не можам нічога зрабіць без Яго, бо тады жыццё губляе сэнс”, – сказаў іерарх.

Біскуп заклікаў вернікаў уважліва ўслухацца ва ўказанні, якія мы чуем у гэты дзень у Евангеллі: гэта міласціна, малітва і пост. Як падкрэсліў ён, гэтыя ўказанні павінны праводзіць людзей праз сорак дзён стараннай духоўнай працы.

papelec 49

На заканчэнне гаміліі біскуп заахвоціў не ўпадаць у роспач, абыякавасць, апатыю. “Мы ведаем, дзе трэба шукаць дапамогі і сілы. Той, хто ўтварыў нас з праху, чакае нас заўсёды з раскрытымі абдымкамі”, – дадаў ён.

Абраду пасыпання галоваў вернікаў попелам традыцыйна спадарожнічалі словы: “Памятай, што ты прах і ў прах вернешся” або “Навяртайцеся і верце ў Евангелле”. Гэты красамоўны абрад у чарговы раз нагадаў аб неабходнасці пакаяння і навяртання ў хрысціянскім жыцці.

papelec 50

Попел сімвалізуе нетрываласць, прамінальнасць, смяротнасць, жалобу, боль і крохкасць чалавечага жыцця. З іншага боку, у сувязі з Хрыстом ён з’яўляецца таксама знакам ачышчэння, адраджэння і ўваскрасення, паколькі Бог стварыў чалавека з праху зямлі і адрадзіў яго ў Хрысце да новага жыцця.

Попел для пасыпання галоваў паходзіць з пальмаў, благаслаўлёных у Пальмовую нядзелю ў мінулым годзе.

Сёлетні Вялікі пост скончыцца ў Вялікі чацвер 6 красавіка, калі католікі распачнуць Пасхальны Трыдуум Мукі, Смерці і Уваскрасення Хрыста.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Вольга Сяліцкая