Інсцэніраванае прадстаўленне пад назвай “Спакой людзям добрай волі” падрыхтаваў Тэатр імя св. Яна Паўла ІІ, які дзейнічае пры парафіі.
Выступленні тэатра ўжо палюбіліся ў Гродне. З розных парафій горада з’язджаюцца людзі, каб паглядзець на таленавітых артыстаў. Сёлета на заканчэнне каляднага перыяду шматлікія парафіяне і госці сабраліся ў тэатральнай зале, каб яшчэ раз перажыць тую вялікую радасць, якая сыходзіць з Бэтлеема для ўсіх людзей.
У спектаклі прынялі ўдзел 27 маладых людзей ва ўзросце 7–18 гадоў. Як адзначае рэжысёр і нязменны кіраўнік Тэатра імя св. Яна Паўла ІІ Марына Жыбартовіч-Протас, “важна быць непаўторнымі і адчуваць дзеянне Святога Духа на ўсіх этапах творчасці: ад задумы праз напісання сцэнарыя, рэпетыцыі да ўражанняў пасля выступлення”.
Тэатр імя св. Яна Паўла ІІ дзейнічае пры гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля 15 гадоў. За гэты час маладымі артыстамі было падрыхтавана каля паўсотні пастановак: батлейкі, інсцэніраваны Крыжовы шлях, фальклорныя мініяцюры, пантамімы, інсцэнізацыі легенд, казак, вершаў.
12 сакавіка ў 17.00 тэатр выступіць са спектаклем “Маленькі Прынц” па матывах аднайменнай казкі Антуана дэ Сент-Экзюперы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі