2 лютага, у свята Ахвяравання Пана, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
На літургіі сабраліся шматлікія жыхары горада, a таксама студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. З нагоды Сусветнага дня кансэкраванага жыцця асабліва маліліся за ўсіх кансэкраваных асобаў, якія прысвяцілі сябе Богу праз абяцанні евангельскіх цнотаў. Гэты дзень сёлета адзначаецца ў Паўсюдным Касцёле ў 27-ы раз.
На пачатку біскуп Кашкевіч благаславіў запаленыя грамніцы, якія вернікі прынеслі ў гэтае свята ў касцёл. Затым адбылася працэсія.
У гаміліі іерарх звярнуў увагу на тое, што свята Ахвяравання Пана мае вельмі глыбокае тэалагічнае значэнне, бо падкрэслівае, што ўжо само прыйсце Сына Божага ў гэты свет і прыняцце Ім чалавечай натуры былі ахвярай, значыць выразам бескарыслівай і незаслужанай любові Бога да чалавека.
“Дзіцятка Езус, якому хіба толькі сорак дзён ад нараджэння, ужо здзяйсняе сваё першае падарожжа ў Ерузалем. Гэтае першае падарожжа прадказвае апошняе, калі Сын Божы прыбудзе ў Святы горад, каб прынесці ў ахвяру Самога Сябе”, – сказаў біскуп. Ён дадаў, што ў гэтым апошнім выпадку мы ўбачым Езуса не ў святыні, не ў абдымках Маці і святога старца Сімяона, а на Галгоце, па-за мурамі горада, у цвёрдых абдымках крыжа, і спадарожнічаць Яму будуць злодзеі, асуджаныя на смерць.
Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі заахвоціў прысутных маліцца за кансэкраваных асобаў – законнікаў і законніц, – якія, падобна як Сімяон і Ганна, ахвяруюць сваё жыццё на выключнае служэнне Пану Богу, служачы нашаму партыкулярнаму Касцёлу.
“Няхай яны будуць прарокамі нашых часоў. Няхай дапамагаюць нам сустрэць і распазнаць Хрыста, які да нас прыходзіць. Каб мы здолелі прыняць Езуса як праўдзівае святло ў нашым жыцці, каб здолелі верна ісці за Яго святлом шляхам да вечнасці”, – пажадаў біскуп Кашкевіч.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Адам Латаш