Skip to main content

Свята ў гонар Яна Боско прайшло ў Смаргоні

aratoryj 929 студзеня ў дзіцячым араторыі пры парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні адбылося свята ў гонар святога Яна Боско

Галоўная ідэя метаду ксяндза Боско – нястомны пошук дабра, якое прысутнічае ў іншай асобе. Паводле гэтай ідэі, у кожным чалавеку ёсць нешта добрае, што знаходзіцца, магчыма, у зародку і аднойчы зможа расквітнець – для гэтага неабходны асаблівы клімат, які і імкнуцца пашыраць у смаргонскім араторыі.

Свята пачалося Імшой, на якой кс. Артур Ляшнеўскі SDB звярнуў увагу, што сапраўды шчаслівы чалавек – той, які імкнецца, каб Бог быў у цэнтры ўсяго яго жыцця. Святар дадаў, што Бог чакае кожнага ў сваім доме, падчас Эўхарыстыі, у сакрамэнце паяднання.

Пасля Імшы дзеці і іх бацькі накіраваліся ў араторый. У праграме прысутным было прапанавана ўспомніць цікавыя моманты жыцця святога Яна Боско і асаблівых людзей, якіх ён сустрэў.

aratoryj 2

Такім чынам у межах праграмы дзеці змаглі пабываць у доме яго мамы Маргарыты, сустрэцца з адным з выхаванцаў араторыя – святым Дамінікам Савіо, пачуць пра першых салезіянскіх місіянераў у Аргенціне і згуляць у адмысловы футбол. Дзяцей вельмі зацікавіла святая Марыя Дамініка Мадзарэлло, якая расказала ім, што самае простае і смачнае ядуць у Італіі, і запрасіла іх у забаўляльнай форме зрабіць піцу.

Дзякуючы гульням, танцам, створанай атмасферы ўдзельнікі свята былі ў радасным настроі. Дзеці асабліва чакалі таго, каб даведацца, чым ксёндз Боско частаваў калісьці хлопцаў падчас святаў, і таксама пачаставацца гэтымі стравамі.

На заканчэнне сустрэчы прагучала слоўка, у якім кожнага з прысутных заахвоцілі імкнуцца радавацца таму, што ён мае, і дзяліцца сваімі талентамі ў жыцці.

C. Валянціна Кот FMA