25 студзеня, у апошні дзень Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылося экуменічнае набажэнства з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій горада над Нёманам.
У малітве, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, удзельнічалі прадстаўнікі Рыма-Каталіцкага Касцёла, Грэка-Каталіцкай i Праваслаўнай Цэркваў, Евангелічна-лютэранскай супольнасці, Царквы поўнага Евангелля “Жывое Слова”, вернікі розных канфесій.
Прысутныя разам маліліся аб адзінстве хрысціян, згодзе і любові ў сем’ях і супольнасцях, міры ва ўсім свеце, усведамляючы, што ўсе хрысціяне належаць да адзінай сям’і Божых дзяцей, якія імкнуцца да збаўлення.
Праваслаўную Царкву прадставіў настаяцель храма св. Лукі ў Гродне протаіерэй Аляксандр Хомбак, Грэка-Каталіцкую Царкву – настаяцель парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне а. Андрэй Крот, Евангелічна-лютэранскyю супольнасць у Гродне – пастар Уладзімір Татарнікаў, Царквy поўнага Евангелля “Жывое Слова” – пастар Віктар Сцяпко.
У ходзе набажэнства з кароткімі прамовамі да ўдзельнікаў звярнуліся прадстаўнікі канфесій.
Протаіерэй Аляксандр Хомбак, што прадстаўляў Праваслаўную Царкву, распавёў гісторыю свайго знаёмага верніка, маладога вучонага, які памёр. “Ён вучыўся за мяжой, яму паставілі страшны дыягназ, і ён вярнуўся, яго маці заўважыла і стала перажываць, што ён праяўляе шмат літасці да ўсіх, стараецца дагадзіць усім. У ім знікла жорсткасць і цвёрдасць. На сустрэчы з ім я спытаў, што з ім здарылася, на што пачуў: “Калі зразумеў, што засталося зусім няшмат часу жыцця, – падумаў: што я магу ўзяць у вечнасць?” Ён зразумеў, што ні слава, ні багацце, не знаёмствы яму не патрэбныя, гэта ўсёзастанецца на зямлі. Зразумеў, што любоў, добрыя ўспаміны – тое, што можна ўзяць у вечнасць”.
“Сучасны свет спрабуе даказаць нам, што чалавек чалавеку воўк, але мы, атрымаўшы дары Святога Духа праз Хрыста, можам не пагадзіцца. І тады ў душу ўваходзіць радасць, любоў перамагае свет”, – дадаў святар.
Пастар Уладзімір Татарнікаў, прадстаўнік Евангелічна-лютэранскай супольнасці, сказаў:
“Кожны год мы, незалежна ад канфесіі, збіраемся памаліцца разам. Давайце не будзем глядзець на канфесію ці нацыянальнасць, будзем дапамагаць блізкім. Няхай Бог засцерагае нас”.
Пастар Віктар Сцяпко з Царквы поўнага Евангелля “Жывое Слова” адзначыў:
“Езус сказаў, што калі паміж усімі, хто верыць у Яго, будзе адзінства, тады ўвесь свет паверыць у Яго. Фокус павінен быць на Хрысце. Калі мы будзем чытаць Евангелле, то будзем рабіць добрыя і міласэрныя справы”.
Прадстаўнік Грэка-Каталіцкай Царквы а. Андрэй Крот заўважыў:
“Мы, беларусы, увогуле адкрытыя на дабро людзі. Калі хадзілі з моладдзю па дзіцячых установах, дзе знаходзяцца дзеці-сіроты і інваліды, то было бачна, што шмат арганізацый дапамагаюць патрабуючым. Але трэба звярнуть увагу на фразу “навучыцеся рабіць дабро”, бо мы робім так спантанна, пад натхненнем чалавечага духу. Важна навучыцца рабіць гэта сістэматычна, мэтанакіравана і пастаянна, а не толькі тады, калі гэтага патрабуюць людзі, якія нас акружаюць”.
Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч падкрэсліў, што калі збіраемся на малітве, каб разам прасіць Бога ў імя Яго Сына Езуса Хрыста аб дары адзінства паміж хрысціянамі, усведамляем, што значна больш нас злучае, чым падзяляе.
“Вялікай памылкай было б засяроджваць усю нашу ўвагу толькі на балючых, кроватачывых ранах падзелаў на містычным целе Хрыста. З пакорай і скрухай мы вызнаём, што яны з’яўляюцца наступствам нашых чалавечых правінаў і занядбанняў: пыхі, амбіцый, зайздрасці, недахопу любові да Бога і бліжняга”, – дадаў іерарх.
Біскуп заахвоціў старацца заўважаць і разумець знакі, якія кажуць, што адзінства магчымае, больш за тое – яно бліжэй да нас, чым можам уявіць.
Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі падкрэсліў, што вялікім і вельмі яскравым знакам адзінства паміж намі з’яўляецца пашана, якой мы адорваем Святое Пісанне.
“Мы вызнаём, што Слова, якое скіроўвае нам Пан Бог, – гэта паходня для нашых крокаў і святло на нашай дарозе. Езус Хрыстус, Сын Божы, запэўнівае нас, што неба і зямля прамінуць, але Ягонае слова не праміне”, – сказаў іерарх.
Як адзначыў біскуп, канфесіі адрозніваюцца спосабамі абвяшчэння Хрыста, выкарыстоўваюць розныя метады евангелізацыі, якія ў вялікай меры залежаць ад гісторыі і традыцыі іх Цэркваў і супольнасцяў.
“Гэтая разнастайнасць – наша агульнае багацце. Бо ў нас адна агульная мэта – як мага больш людзей прывесці да праўдзівага шчасця, значыць да сустрэчы ў веры з Езусам Хрыстом, адзіным Пасрэднікам паміж Богам і людзьмі, які з’яўляецца нашым Панам і Збаўцам свету”, – дадаў біскуп Кашкевіч.
Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў праходзіў ва ўсім свеце з 18 па 25 студзеня. Яго тэмай сёлета сталі словы з кнігі прарока Ісаі: “Рабіце дабро, шукайце справядлівасці” (Іс 1, 17).
Выбар тэмы і падрыхтоўку матэрыялаў для сёлетняга экуменічнага тыдня ажыццявіла група хрысціянаў са Злучаных Штатаў Амерыкі, скліканая Радай Цэркваў Мінэсоты і зацверджаная Сусветнай радай Цэркваў і Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Вольга Сяліцкая