30 снежня парафія Святой Сям’і ў Лідзе адзначыла сваю адпустовую ўрачыстасць.
Імшы ў парафіі адбываліся ў гэты дзень згодна з нядзельным парадкам, у іх удзельнічала шмат вернікаў.
Прамовіць святочныя гаміліі ў лідскі касцёл быў запрошаны кс. Уладзіслаў Сурвіла, пробашч парафіі ў Войстаме і Данюшаве (Смаргонскі дэканат). Падчас літургій на працягу дня святар распавядаў пра сям’ю, яе крызісы і іх вырашэнні, праводзячы аналогію са Святой Сям’ёй.
Вялікую колькасць парафіянаў і гасцей сабрала галоўная Эўхарыстыя. Раздзяліць радасць парафіі прыбылі святары, якія паходзяць з яе, і духавенства дэканату. Узначаліў Імшу біскупскі вікарый Лідскага рэгіёну кс. канонік Уладзімір Гуляй.
У гэты дзень пробашч парафіі кс. Руслан Мазан маліўся за ўсіх яе вернікаў, асабліва за сем’і, і за хворых, церпячых і самотных, аб святарскіх пакліканнях з парафіі, за памерлых парафіянаў. Супольнасць памятала ў малітве таксама пра пaмерлага пробашча кс. каноніка Юзафа Ганьчыца.
Дыякан Андрэй Юхнік