Skip to main content

Віншаванні супрацоўнікаў СМІ Гродзенскай дыяцэзіі з нагоды Новага года

nowuДарагія чытачы, наведвальнікі нашага інтэрнэт-партала Гродзенскай дыяцэзіі, нашы сябры!

Заканчваецца чарговы год нашага жыцця. Для некаторых гэта быў час радасці і поспехаў. А для іншых гэты год быў, магчыма, напоўнены момантамі смутку і цярпення – і яны, верагодна, захочуць як мага хутчэй забыцца пра яго.

У новы год, які дае нам Пан, усе мы, аднак, глядзім з надзеяй, хоць не ведаем, што прынясе нам бліжэйшая будучыня.

Нам давялося жыць у неспакойныя часы. Таму мы не ведаем, што нас напаткае ў новым годзе, які пачынаецца. Але ў гэты новы год давайце ўвойдзем не са страхам, а напоўненыя надзеяй, што цяжкае ўрэшце скончыцца, а нашы планы і мары будуць рэалізаваны.

Мы, супрацоўнікi сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, хочам найперш дзякаваць Богу за ўсіх вас і за тое дабро, якое мы ўсе маглі супольна чыніць.

Дзякуем усім нашым аўтарам і звычайным вернікам, якія дасылалі нам свае навіны з жыцця парафіяльных супольнасцяў. Дзякуем духоўным асобам і шматлікім свецкім валанцёрам, якія бескарысліва дасылалі нам свае тэксты і разважанні, цікавыя здымкі і прапановы.

Карыстаючыся нагодай, хочам усіх вас заахвоціць да далейшага супрацоўніцтва! Будзьце разам з намі ў новым 2023 годзе! Разлічваем на ваш прафесіяналізм і кампетэнтнасць.

Дарагія сябры!

Вырушым па невядомых дарогах новага года. Таму папросім Святую Багародзіцу, каб Яна аберагала нашу веру, надзею і любоў. Няхай Яна перамяняе нашы сэрцы, каб кожны сусед стаў нашым сябрам.

Пажадаем адзін аднаму здароўя, радасці, любові і дастатку. Найперш, аднак, пажадаем, каб Бог адорваў нашы часы доўгачаканым мірам.

Няхай Марыя захоўвае нас у сваёй апецы, каб мы заўсёды жылі ў сяброўстве з Богам і не змарнавалі ні адной нагоды чыніць дабро ў гэтым новым 2023 годзе.

Ад імя супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі

кс. канонік Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай курыі