27 снежня ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) на ўрачыстай Імшы дзякавалі а. Юзафу Гэнзу CSsR за 26 гадоў служэння на Гродзеншчыне і ў прыватнасці ў гэтай парафіі.
Рэдэмптарыст завяршыў служэнне ў Беларусі і вярнуўся на сваю радзіму ў Польшчу. Ён працягне душпастырскую працу ў Торуні.
На Эўхарыстыі, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч з удзелам шматлікіх святароў, у тым ліку рэдэмптарыстаў Беларусі, сабраліся ўдзячныя парафіяне. Прысутнічалі дзеці, а таксама моладзь, якой руплівы і ахвярны святар аддаваў шмат часу і сіл.
У сваім развітальным слове а. Юзаф падзякаваў усім вернікам за той час, які ён правёў у Гродне, і за кожнага, каго сустрэў.
Ён заахвоціў вернікаў маліцца аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле, каб у нашай краіне ніколі не было недахопу ў тых, хто абвяшчае Божае слова і ўдзяляе сакрамэнты.
Святар запэўніў, што забірае з сабой добрыя ўспаміны, а вернікі гродзенскай парафіі назаўсёды застануцца ў яго сэрцы.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч у сваю чаргу выказаў удзячнасць рупліваму святару за штодзённае служэнне, поўнае ахвярнасці і адданасці. Як заўважыў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, прысутнасць у святыні столькіх людзей сведчыць пра вялікую павагу, якой жыхары горада адорвалі а. Юзафа.
Іерарх пажадаў, каб на новым месцы служэння святару спадарожнічалі здароўе і Божая ласка.
Айцец Юзаф Гэнза нарадзіўся 11 мая 1943 г. Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў 21 чэрвеня 1970 г. у Тухаве (Польшча) біскуп Ежы Аблевіч.
У ліпені 1997 г. прыбыў у Гродна. Між іншым быў рэктарам касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі) і капеланам Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) у Гродне.
Таксама быў пробашчам гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля і настаяцелем манаскай супольнасці рэдэмптарыстаў пры ёй, a ў апошні час вікарыем гэтай парафіі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі