26 снежня ў гродзенскай парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай адбылася аплаткавая сустрэча ўдзельнікаў пешай пілігрымкі з Гродна ў санктуарый Езуса Журботнага ў Росі.
Сустрэча, на якой сабраліся пілігрымы з Гродна і наваколля, пачалася святой Імшой, якую ўзначаліў кіраўнік пілігрымкі ксёндз канонік Юрый Марціновіч.
На Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся за ўсіх тых, хто ўдзельнічаў у сёлетняй пілігрымцы.
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч распавёў пра постаць св. Стэфана, першамучаніка, якога Касцёл успамінае ў другі дзень святаў Божага Нараджэння. Святар адзначыў, што ўчынкі гэтага святога павінны мабілізаваць і сучасных хрысціян да таго, каб, нягледзячы на ўсе перашкоды, заставацца трывалымі ў веры, найперш тады, калі розныя жыццёвыя цяжкасці выпрабоўваюць гэтую веру.
У другой частцы сустрэчы ўдзельнікі пілігрымкі падзяліліся аплаткамі, выказваючы адзін аднаму святочныя віншаванні. Сустрэча завяршылася гарбатай і спяваннем калядак.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі