У ноч Божага Нараджэння святую Імшу пастэрку ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Разам з іерархам Эўхарыстыю канцэлебравалі пробашч парафіі кс. канонік Ян Кучынскі i яго супрацоўнікі.
На літургіі прысутнічалі таксама прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі і Евангелічна-Лютэранскай Царквы. Каб перажыць хвіліны прыйсця ў свет Пана, у святыні сабраліся з малітоўным настроем і вялікай радасцю ў сэрцы вернікі парафіі i жыхары горада.
Як падкрэсліў у гаміліі біскуп Кашкевіч, у гэты выключны час Божае Дзіця чакае, калі мы звернем на Яго ўвагу і захочам выслухаць тое, што ў Яго ёсць сказаць нам.
“Нованароджаны Збаўца жадае нам сказаць, што прыйшоў у гэты свет, каб перамяніць, перабудаваць, упрыгожыць не стаенку, а нашы сэрцы”, – адзначыў іерарх.
“Пан Езус жадае, каб нашы сэрцы ззялі любоўю, дабрынёй, адзінствам, справядлівасцю, вернасцю, уменнем прабачаць і паядноўваць, прыхільнасцю да праўды”, – дадаў біскуп.
Па словах пастыра дыяцэзіі, калі чалавечыя сэрцы будуць хаця б крыху падобныя да Сэрца Езуса, мы зможам сказаць, што ў гэтай стаенцы сустрэлі Бога, і “тады наша жыццё будзе зменена, а свет, у якім мы жывём, будзе нагадваць цудоўны, велічны, раскошны палац”.
“Калі ж мы гэтага не зробім, калі не перабудуем нашы сэрцы, не пераменім іх на ўзор Хрыста, паводле Яго слова, – то не варта думаць пра перабудову свету: гэта будзе толькі ілюзія, страта часу, ашукванне саміх сябе”, – заўважыў іерарх.
Біскуп падкрэсліў, што сам чалавек не ў стане перабудаваць, змяніць сваё сэрца, але ў гэтым заўсёды дапамагае Божая ласка.
Прысутнасць Бога сярод нас, па словах іерарха, з’яўляецца не толькі сімвалам, бо дзве тысячы гадоў Езус працягвае прыходзіць да нас, і не толькі ў святы Божага Нараджэння.
“Пан Езус нараджаецца кожны дзень на кожным алтары свету. Прыходзіць да нас у таямніцы Эўхарыстыі, укрыты пад сакрамэнтальным відам хлеба. Бо Бэтлеем з габрэйскай мовы азначае “Дом хлеба””, – звярнуў увагу біскуп.
Ён дадаў, што гэтым домам хлеба, нашым Бэтлеемам, становіцца алтар, паўсюль, дзе цэлебруецца Эўхарыстыя, паўтараецца цуд сустрэчы Бога з чалавекам. “Кожны чалавек, без выключэння, запрошаны ў эўхарыстычны Бэтлеем, на асабістую сустрэчу з Хрыстом, укрытым у маленькай белай гостыі”, – сказаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.
Іерарх заахвоціў усіх прысутных адчыніць для Бога дзверы сваіх сэрцаў, з верай і ўдзячнасцю прыняць Яго ў святой Камуніі.
На заканчэнне літургіі біскуп сардэчна пажадаў вернікам вясёлых і спакойных святаў Божага Нараджэння. Ён пажадаў, каб радасць, духоўная цеплыня, любоў і мір бэтлеемскай стаенкі былі ўдзелены кожнаму з іх, a таксама іх блізкім, хатнім, сябрам і ўсяму грамадству.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі