5 снежня ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе адбылася фармацыйная сустрэча маладых святароў Гродзенскай дыяцэзіі.
Адказны за фармацыю кс. канонік Павел Салабуда паведаміў grodnensis.by: “Фармацыйныя сустрэчы перш за ўсё даюць маладым святарам магчымасць адчуць супольнасць духавенства нашай дыяцэзіі. Такія сустрэчы вельмі патрэбныя, каб скарыстацца вольнай хвілінай і разам памаліцца, паразмаўляць на розныя тэмы, а ў першую чаргу – падзяліцца досведам душпастырства ў сваіх парафіях”.
Як падкрэсліў кс. Павел, важнасць такіх сустрэч заключаецца таксама ў тэалагічнай і душпастырскай фармацыі, якая дапамагае маладым святарам асвяжыць у памяці пэўныя тэмы, а акрамя таго, узбагаціць свае душпастырскія ўменні.
У сустрэчы ўдзельнічалі 11 маладых святароў, якія працуюць у розных кутках Гродзенскай дыяцэзіі.
Мерапрыемства пачалося супольнай адарацыяй, была магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання. Удзельнікі дзякавалі Маці Божай за дар паклікання, просячы аб Яе матчынай падтрымцы для кожнага з іх.
Кульмінацыйным пунктам сустрэчы была Эўхарыстыя, якую ўзначаліў кс. канонік Павел Салабуда. На пачатку Імшы святар заахвоціў усіх прысутных прасіць аб Божых ласках, патрэбных для таго, каб найлепшым чынам правесці час Адвэнту.
Гамілію прамовіў пробашч лідскай парафіі кс. Руслан Мазан. Ён заклікаў маладых святароў заўсёды памятаць пра духоўнае развіццё, адзначыўшы, што “кожны з нас павінен быць духоўна моцным, каб перадаваць Хрыста іншым”. Таксама ён заахвоціў прысутных пабожна праводзіць Адвэнт, каб сустрэча з Езусам толькі ўмацоўвала іх.
Пасля супольнага абеду пробашч парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні кс. Артур Ляшнеўскі SDB падзяліўся з удзельнікамі сустрэчы сваім досведам працы з моладдзю. Ён адзначыў, што сёння святар, з аднаго боку, павінен проста быць з моладдзю, а з іншага – старанна прысвячаць сябе працы з ёю. Прысутныя звярнулі ўвагу на тое, што варта прыкладваць больш старанняў у працы з дзецьмі, якія прынялі Першую Камунію, – з іх паступова можна выхаваць каталіцкую моладзь, здольную шмат зрабіць пры парафіі.
Наступная сустрэча маладых святароў дыяцэзіі адбудзецца ў 2023 годзе, на пачатку Вялікага посту.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі