20 лістапада, ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, у парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай у Гродне адбылося благаслаўленне і ўмураванне вуглавога каменя пад будоўлю касцёла, які ўзводзіцца на гэтым месцы.
Вуглавы камень паходзіць з роднага дома Мар’яны Бярнацкай у Ліпску (Польшча), ён быў перададзены яе праўнукам Станіславам Бэтко.
Акрамя таго, у гэты дзень у парафію былі ўрачыста ўнесены рэліквіі благаслаўлёнай, якія нядаўна перадаў біскуп Элцкі Ежы Мазур SVD. Гэтыя рэліквіі – кавалак тканіны, сатканай уласнаручна Мар’янай Бярнацкай.
На ўрачыстасці сабраліся шматлікія парафіяне і госці. Яна пачалася благаслаўленнем і ўмураваннем каменя і падпісаннем дэкрэта. Арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, які таксама асвяціў часовую парафіяльную капліцу, узначаліў Імшу, якую канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і святары на чале з дэканам Сапоцкінскага дэканату кс. Антоніем Абухоўскім.
У гаміліі, зыходзячы з чытання Евангелля, арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуў увагу на Хрыста як Караля Сусвету, які прыйшоў здзейсніць не палітычную рэвалюцыю, як гэтага хацелі габрэі, а духоўную – выбавіць свет з грахоўнай няволі. Ён зрабіў гэта, як дадаў іерарх, праз пасхальную таямніцу смерці і змёртвыхпаўстання.
Таму Яго трон – не каралеўскі трон зямных валадароў, а крыж, Ён не апрануты ў залатыя адзенні, а прыкуты да крыжа аголены, Яго акружаюць не слугі, а злыя жаўнеры і збунтаваны народ, Ён не праклінае сваіх забойцаў, а просіць Нябеснага Айца прабачыць ім, а злодзею, які шкадуе за свае грахі, абяцае неба, нагадаў арцыбіскуп.
“Такі наш Кароль – ціхі, пакорны, міласэрны і прабачаючы. Яго прыклад з’яўляецца пасланнем нам і паказальнікам у дарозе да краіны вечнага шчасця”, – сказаў іерарх.
Ён адзначыў, што вуглавы камень мае вялікае значэнне ў будоўлі: матэрыяльны камень сімвалізуе маральны, якім з’яўляецца Хрыстус і на якім засноўваецца наша вера.
“Хрыстус кажа, што адкінуты камень стаў вуглавым. Сімвалічна, што вуглавы камень касцёла, які будуецца, узяты з роднага дома апякункі парафіі, благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай. Яна таксама была адкінута, бо аддала сваё жыццё за нявестку, склала жыццё на алтары мучаніцтва, каб на алтары будучага касцёла складалася Эўхарыстычная ахвяра”, – заўважыў іерарх.
Па яго словах, асвячэнне капліцы азначае, што касцёл пачынае выконваць сваю місію месца сустрэчы чалавека з Богам праз абвяшчэнне Божага слова, удзел у сакрамэнтах, справы міласэрнасці і іншае.
Іерарх пажадаў вернікам паспяхова працягваць будаўніцтва святыні. Дадаўшы, што ў жыцці шмат дарог, ён заахвоціў не забывацца пра дарогу да капліцы і да будучага касцёла, дзе іх чакае Хрыстус, Валадар Сусвету, каб весці ў сваё Валадарства.
На заканчэнне Імшы пробашч парафіі кс. канонік Юрый Марціновіч засяродзіў увагу на трох словах: радасць, удзячнасць, надзея, якія затым патлумачыў.
Святар падкрэсліў, што ў гэты дзень яму і вернікам парафіі спадарожнічае радасць, бо яны ўжо ў сябе дома. “У нас ёсць свой дом малітвы, які ў будучыні ператворыцца ў прыгожую, цудоўную святыню”, – адзначыў ксёндз канонік.
Пробашч заўважыў, што ў гэты дзень трэба быць удзячным, бо ёсць за што дзякаваць. “Найперш Пану Богу за тое, што так цудоўна вядзе і падтрымлівае нас, а таксама кожнаму, хто ўтварае парафіяльную супольнасць, за сумесны шлях цяжкай, карпатлівай працы, хоць гэтая праца і благаслаўлёная”, – сказаў святар.
Таксама, дадаў кс. Юрый, важна мець надзею на будучыню, бо “ўсюды, дзе святыня набліжалася да людзей, іх жыццё станавілася багацейшым, ажыўлялася рэлігійнае жыццё”.
Пробашч падкрэсліў, што, маючы такую ўнікальную апякунку, благаслаўлёную Мар’яну, яны разам з вернікамі будуць і далей імкнуцца будаваць добрыя, цёплыя і чулыя адносіны ў сем’ях, дома і ў парафіяльнай супольнасці.
Наймалодшыя з вернікаў, дзеці, падзякавалі прысутным іерархам, свайму душпастыру, а таксама падзякавалі сёстрам сэрцанкам за служэнне ў парафіі.
Парафія бл. Мар’яны Бярнацкай атрымала дзяржаўную рэгістрацыю тры гады таму – ва ўрачыстасць Усіх Святых, 1 лістапада 2019 г.
Новая парафія ахоплівае вуліцы гарадскіх мікрараёнаў Ласосна i Баранавічы, а таксама вёскі Тарусічы.
Праз год парафія атрымала пляцоўку пад будаўніцтва касцёла.
Будаўніцтва пачалося сёлета ў ліпені. Гэта будзе першы касцёл у свеце, пабудаваны ў гонар благаслаўлёнай Мар’яны. Падчас Другой сусветнай вайны Мар’яна Бярнацкая аддала сваё жыццё за цяжарную нявестку. Будучую благаслаўлёную расстралялі ў ліпені 1943 г. на фартах у Навумавічах, недалёка ад мікрараёна Баранавічы, дзе ўзводзіцца касцёл.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Галіна Валюшка