
– Сённяшні канцэрт можна назваць своеасаблівым вечарам падзякі сэрцаў святароў і сёстраў для Вас, дарагія Парафіяне, за той уклад, які Вы праз малітву і матэрыяльную падтрымку ўносіце ад пачатку існавання парафіі, – сказаў перад канцэртам кс. Артур Малафей, вікарый парафіі Гродна-Аўгустовак. – Дзякуючы гэтаму наша парафія развіваецца. Разам з намі гэтую ўдзячнасць хочуць выказаць і клерыкі Гродзенскай ВДС.
Як і штогод, школьная зала была поўная. Парафіяне самых розных узростаў горача віталі кожную песню гурта. За апошнім шэрагам крэслаў у зале моладзь актыўна падхапіла прапанову выступоўцаў танцаваць пад песні, добра, што рок-н-рольная апрацоўка некаторых песень “AVE” акурат для гэтага пасавала. Канцэрт зацягнуўся на дзве гадзіны. Калі была абвешчана апошняя песня, моладзь запратэставала і пачала скандаваць назвы асабліва любімых песень “AVE”. У выніку гурт заспяваў яшчэ з пяць кампазіцый.
– Традыцыя каляднага канцэрта пачалася чатыры гады назад, калі мы падумалі, што прыемнае мы можам зрабіць для нашых парафіян, якія з вялікай адданасцю дапамагалі ў кожным дзеянні, патрэбным у будаўніцтве касцёла, - распавёў кс. Артур Малафей. - І мы вырашылі, што такім яднальным момантам мог бы стаць канцэрт – добрае баўленне часу і цудоўны момант, калі клерыкі ВДС могуць у нейкі спосаб паклапаціцца пра новыя пакліканні, бо акрамя сталых людзей, сюды прыходзіць і моладзь. Таму я дзякую рэктару семінарыі ксяндзу Юзафу Станеўскаму за падтрымку і адкрытасць, за тое, што гурт “AVE” ўжо некалькі год цешыць спевам нашых парафіян. А таксама вялікі дзякуй кіраўніцтву школы №20 у асобе дырэктара Хвайніцкага Алега Вячаслававіча і завуча Алены Вітольдаўны Гапонік за супрацоўніцтва.
Перад канцэртам кожны атрымаў памятны каляндарык на 2012 год з выявай будучага касцёла парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці, які зрабілі святары гэтай парафіі для вернікаў.