Skip to main content

Восеньскiя “канікулы з Богам” дзеці са смаргонскай парафіі правялі ў тракельскім санктуарыі

kanikuly 15З 30 кастрычніка па 5 лістапада дзецi з парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні мелi магчымасць духоўна i фiзiчна адпачыць на “канікулах з Богам” у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат).

Разам з дзецьмі былі с. Веранiка Блiзнюк FMA і дзве жанчыны з Асацыяцыі Марыі Успамогі – Людміла Насеннік і Сняжана Рудая.

Кожны дзень канікул быў насычаны падзеямі: дзеці ўдзельнічалі ў святой Імшы, малiлiся разам і самастойна, праводзiлi малiтву на ружанцы, танцавалі, гулялi на свежым паветры, развiвалi свае здольнасцi ў творчых майстэрнях, глядзелі тэматычны мультфільм, выпякалі вафлі і арэшкі, гулялі ў сумесныя спартыўныя і настольныя гульнi, арганізаваныя для іх.

Кожны дзень быў прысвечаны асобнай тэме. Каб дзецi маглi лепш зразумець і адкрыць для сябе сутнасць разважанняў, з дапамогай прагляду часткi мультфільма “Спiрыт – душа прэрый” прадстаўлялася тэма дня. Пасля прагляду дзецi слухалi тлумачэнне значэння ўрыўку і размаўлялі пра духоўныя каштоўнасці, якія перадаваў мультфільм, адказвалi на пытаннi, як быць рашучым, як умець выпраўляць свае памылкi, як праяўляць настойлівасць, але i пакорлівасць, і рабілі пастанову для сябе.

kanikuly 6

Ва ўрачыстасць Усiх Святых маленькія вернікі мелі магчымасць наведаць могілкі, дзе разам ушанавалі памяць памерлых праз малітву на ружанцы.

Вечарам удзельнікаў адпачынку чакалі вясёлыя гульні і забавы, падчас якiх дзецi маглi раскрыць свае таленты. З вялікай радасцю ўспрымаліся піжамныя вечарынкi з праглядам цiкавых фiльмаў і салодкiмi пачастункамі.

Людміла Насеннік

Фота: Сняжана Рудая