5 лістапада ў парафіяльным касцёле св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне адбылася Імша ў інтэнцыі а. Віктара Занеўскага з Ордэну Пабожных Школ (піяраў) у 30-ы дзень пасля яго смерці. Узначаліў Эўхарыстыю арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
У казанні іерарх падкрэсліў, як важна маліцца за памерлых, асабліва падчас актавы малітваў за іх, бо спачылыя ўжо не могуць дапамагчы сабе, але мы ім – можам. У сваім разважанні пра смерць і вечнае жыццё ён узгадаў пра адну эпітафію з помніка памерлага чалавека: “Я быў такім, як ты, а ты будзеш такім, як я”. Гэты надпіс на магіле нагадвае, што ўсе мы пасля зямнога жыцця пакліканы да жыцця вечнага, а Езус ёсць наша жыццё і ўваскрасенне, дадаў арцыбіскуп.
Супольна памаліцца з роднымі спачылага святара, які быў першым піярам з тэрыторыі Беларусі пасля Другой сусветнай вайны, прыбылі беларускія піяры, піярская моладзь са Шчучына і Ліды, прадстаўнікі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з Ліды (м-н Індустрыяльны), сябры і знаёмыя памерлага, а таксама шчучынскія парафіяне.
Айцец Віктар Занеўскі SP нарадзіўся 12 кастрычніка 1974 г. у Гродне.
У 18 гадоў уступіў у навіцыят Ордэну піяраў у Ловічы (Польшча). Праз год прынёс першыя манаскія абяцанні і распачаў філасофска-тэалагічную вучобу ў Тэалагічным інстытуце ксяндзоў місіянераў у Кракаве.
У 1999 г. прынёс у ордэне вечныя абяцанні і прыняў дыяканскае пасвячэнне, а праз год – прэзбітэрскае.
Пачаў святарскае служэнне ў Шчучыне, затым служыў у маладой лідскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе выконваў функцыю яе адміністратара і распачаў будаўніцтва касцёла.
Выконваў функцыю настаяцеля (рэктара) піярскай супольнасці ў Шчучыне з 2004 па 2006 гг.
З 2007 па 2008 гг. быў катэхетам і душпастырам у парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі ў Кракаве (м-н Ракавіцэ).
У 2009 г. вярнуўся ў Беларусь, у новую парафію ў Чавусах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).
З 2011 па 2012 гг. зноў быў душпастырам у парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі ў Кракаве, з 2013 г. – у парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бальшэве (каля Вэйхерова), Польшча.
Застаўся ў памяці людзей як душпастыр, які ставіўся з разуменнем да вернікаў, быў таксама таленавітым прапаведнікам. Хвароба сэрца была прычынай яго гатоўнасці да смерці і ўмення сведчыць пра гэта. Ён ахвотна падкрэсліваў, наколькі ўдзячны малітве парафіянаў з Бальшэва, асабліва ружанцовым колам.
Пасля цяжкай аперацыі ва ўзросце 47 гадоў адышоў у вечнасць 3 кастрычніка гэтага года ў шпіталі ў Вэйхерове (Польшча) у Гадзіну міласэрнасці. Пахаванне адбылося 11 кастрычніка ў Шчучыне.
А. Аляксандр Махнач SP
Фота: Кацярына Кулік