З 28 па 30 кастрычніка ў Смаргоні адбыўся з’езд міністрантаў і кандыдатаў у міністранты з тых парафій Беларусі, дзе служаць салезіяне.
На сустрэчы сабраліся прадстаўнікі літургічнай службы алтара з Мінска, Бараўлян, Дзятлава, Жупран і самой Смаргоні. Яны прыбылі са сваімі апекунамі.
Сустрэча распачалася інтэграцыйнай гульнёй, знаёмствам і супольнай вячэрай. Пасля пасілку фізічнага ўдзельнікі мелі магчымасць атрымаць пасілак духоўны. У касцёле св. Міхала Арханёла была праведзена адарацыя пад назвай “Малы Закхей”, падчас якой прысутныя маглі паразважаць над сваімі абмежаваннямі і магчымасцямі сустрэць жывога Бога.
У суботу яны ўдзельнічалі ў тэматычных канферэнцыях, у межах якіх кс. Артур Ляшнеўскі SDB і кс. Міхал Радзевіч SDB распавядалі пра гісторыю ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў і абрады пахавання ў Касцёле. Пасля хлопцы маглі схадзіць у паход і ўзяць удзел у запланаванай спецыяльна для іх гульні. Вечар завяршыўся Эўхарыстыяй, якую ўзначаліў кс. Казімір Шыдэлка SDB, пробашч з Бараўлян. У гаміліі ён распавёў пра сваё пакліканне і тое, як важна слухаць у сваім жыцці голас Пана.
У нядзелю пасля супольнай малітвы ютрані міністранты ўдзельнічалі ў святочнай Імшы з вернікамі Смаргоні. Узначаліў яе кс. Аляксандр Мятліцкі SDB, пробашч парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мінску. У гаміліі кс. Аляксандр разважаў на тэму паклікання і паслухмянасці Божай волі.
З’езд скончыўся супольным здымкам і абедам.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі