Skip to main content

Іерархі наведалі будоўлю касцёла бл. Мар’яны Бярнацкай у Гродне

baranowicze 931 кастрычніка арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч i біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведалі маладую парафіяльную супольнасць бл. Мар’яны Бярнацкай у Гродне.

Біскупы пабывалі ў часовай капліцы, якая зараз выконвае функцыю месца малітвы парафіян і цэлебрацыі Эўхарыстыі. Затым пробашч парафіі кс. канонік Юрый Марціновіч запрасіў іерархаў пазнаёміцца з ходам прац на будоўлі парафіяльнага касцёла.

Гэта будзе першая святыня ў свеце, пабудаваная ў гонар благаслаўлёнай Мар’яны. Падчас Другой сусветнай вайны Мар’яна Бярнацкая аддала сваё жыццё за цяжарную нявестку. Будучую благаслаўлёную расстралялі ў ліпені 1943 г. на фартах у Навумавічах, недалёка ад мікрараёна Баранавічы, дзе ўзводзіцца касцёл.

Пробашч азнаёміў іерархаў з працамі, якія вядуцца зараз на будоўлі. На дадзеную хвіліну не хапае толькі перакрыццяў плітамі і вокнаў, каб завяршыць будаўніцтва цокальнага паверха.

baranowicze 2

Цокальны паверх прадугледжваецца пад усім касцёлам. Там плануецца размясціць памяшканні для катэхізацыі дзяцей і моладзі, а таксама для фармацыйных сустрэч парафіян. Плануецца і вялікая тэатральная зала, якая будзе служыць для арганізацыі не толькі рэлігійных, але і культурных сустрэч. У будучыні гэта будзе сучасны душпастырскі цэнтр, які спадзяецца адказваць патрэбам вернікаў і мясцовых жыхароў.

Але перш чым усё гэта рэалізуецца, вернікі парафіі плануюць зімой ужо ўвайсці на цокальны паверх, дзе абсталююць часовую капліцу, а крыху пазней адкрыюць катэхетычны клас.

baranowicze 7

Парафіяне рыхтуюцца да вялікага свята, якое адбудзецца 20 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету. Гэта сімвалічная дата для іх, бо год таму, у гэтую ўрачыстасць, былі асвячаны крыж і пляцоўка, на якой затым 15 ліпеня пачалося будаўніцтва касцёла.

20 лістапада арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у прысутнасці біскупа Аляксандра Кашкевіча ўмуруе ў фундамент святыні вуглавы камень, які паходзіць з роднага дома бл. Мар’яны Бярнацкай у Ліпску. Таксама будуць унесены яе рэліквіі, якія нядаўна перадаў кс. каноніку Юрыю Марціновічу біскуп Элцкі Ежы Мазур SVD.

Гэтыя рэліквіі – кавалак тканіны, сатканай уласнаручна Мар’янай Бярнацкай. Акрамя таго, 20 лістапада плануецца ўпершыню цэлебраваць святую Імшу ў капліцы цокальнага паверха.

baranowicze 10

Пробашч парафіі разам з вернікамі заахвочваюць усіх людзей добрай волі і ўсіх неабыякавых падтрымаць іх ініцыятыву малітвай, каб было магчыма завяршыць з Божай дапамогай будаўніцтва дома Пана.

Таксама яны ўжо сёння запрашаюць усіх ахвотных на ўрачыстасць, каб супольна падзяліць яе радасць.

Парафія бл. Мар’яны Бярнацкай атрымала дзяржаўную рэгістрацыю тры гады таму – ва ўрачыстасць Усіх Святых, 1 лістапада 2019 г.

Новая парафія ахоплівае вуліцы гарадскіх мікрараёнаў Ласосна i Баранавічы, а таксама вёскі Тарусічы.

Праз год парафія атрымала пляцоўку пад будаўніцтва касцёла

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі