Skip to main content

Над таямніцай сэрца разважалі ўдзельніцы рэкалекцый у Гудагаі

godogaj 2У кастрычніку ў санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Астравецкі дэканат) адбыліся рэкалекцыі для жанчын “Таямнічае сэрца жанчыны”.

Галоўнай і асноўнай мэтай гэтай асаблівай малітоўнай сустрэчы было, перш за ўсё, запрасіць кожную адкрыць прыгажосць сваёй жаноцкасці, знаходзячы час і месца для таго, каб паслухаць сябе і Божы голас унутры сэрца.

У праграме рэкалекцый быў час і каб слухаць адзін аднаго, і каб сустрэцца з запрошанымі спецыялістамі, а самае галоўнае – быў час для сустрэчы з Богам у цішы сэрца як на ўлонні прыгожай гудагайскай прыроды, так і ў касцёле перад цудатворным абразом Маці Божай Гудагайскай. Кожная ўдзельніца магла на гэтай сустрэчы знайсці і выбраць тое, чаго прагнула яе сэрца.

Удзельніцы сустрэчы ўдзячныя Богу за цудоўны, святы час рэкалекцый. Вось некаторыя іх водгукі:

“Жыццёва важна зараз быць нам разам, як ніколі! І цудоўна, што ёсць такое месца, як гэтыя рэкалекцыі! У гэтым месцы можам атрымаць падтрымку, каб не застацца адной! І атрымаць тое новае, з чым можам разам развівацца! Дзякуй чароўным арганізатарам!”

Ірына, Мінск

“Дзякуй вялікі за арганізацыю гэтых рэкалекцый. Чамусьці Пану трэба было сабраць нас у гэтым цудоўным месцы менавіта ў гэтым складзе. Напэўна, зараз мы яшчэ нават не да канца зразумелі Яго планы.

Для мяне гэта былі два благаслаўлёныя дні, калі я проста змагла адарвацца ад людскіх клопатаў, праблем, пастаяннай загружанасці і акунуцца ў свет Божай любові і супакою, думаць пра вечнае, убачыць прыгажосць восеньскай прыроды, захапіцца Божым стварэннем у пышнасці фарбаў і бясконцай глыбіні нябёсаў.

Нас было мала, але ў гэтым таксама было Божае благаслаўленне. Мы змаглі бліжэй пазнаёміцца і пасябраваць адна з адной, і я думаю, зараз, сустрэўшы каго-небудзь у іншым месцы, мы ўжо не пройдзем міма, як быццам не ведаем адна адну. Яшчэ, для мяне асабіста, Божым благаслаўленнем была дарога туды і назад з маімі сёстрамі ў Хрысце Тэрэсай і Янінай, падчас якой мы памаліліся разам, абмеркавалі вельмі шмат пытанняў, а на зваротным шляху яшчэ і заехалі ў Ашмяны, Баруны і Гальшаны, дзе пабывалі ў касцёлах і выканалі некалькі заданняў ад Пана і Марыі. Кожная з нас падчас гэтых рэкалекцый пачула штосьці, чым ужо дзялілася з бліжнімі, выкарыстоўвала ў сваім жыцці, і абавязкова яшчэ не раз успомніць штосьці вельмі патрэбнае, што пачула там. Хвала і ўдзячнасць Пану за гэтыя рэкалекцыі! Няхай праславіцца Імя Ягонае ў кожнай з нас!”

Ларыса, Гродна

“Кожны вынес нешта сваё за гэты час. Рэкалекцыі – ад спалучэння словаў “узнаўленне калекцыі”: у кожнага свая духоўная калекцыя.

Кожны прыйшоў сюды са сваім духоўным багажом. Рэкалекцыі – гэта ў нейкай ступені “ўстрэсванне” для чалавека, каб паменшылася супраціўленне для пранікнення Божай ласкі ў яго сэрца.

Такім чынам, рэкалекцыі патрэбныя, каб “страсянуцца”, сустрэць сваіх людзей і адчуць, што ты не адзін”.

Данута, в. Мураваная Ашмянка

Яўгенія Раткевіч