11 кастрычніка на сайце парафіі св. Сымона і св. Алены ў Мінску з’явілася інфармацыя пра сённяшнюю сітуацыю, звязаную з парафіяльным касцёлам. Апісаны асабліва ўсе дзеянні вернікаў, скіраваныя на хутчэйшае аднаўленне набажэнстваў у Чырвоным касцёле, зачыненым пасля пажару, які здарыўся ў святыні ўначы 26 верасня.
Парафіяльны рэсурс Сhyrvony.by, між іншым, інфармуе, што да гэтага часу прадстаўнікі рэлігійнай супольнасці не маюць доступу ў касцёл. У гэтай сітуацыі яны перадусім скіравалі ліст на адрас КУП «Мінская спадчына», якое з’яўляецца ўласнікам будынка, перададзенага ў бязвыплатнае карыстанне парафіі ў межах «выканання распараджэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 верасня 2013 года № 190рп».
У лісце, падпісаным ад імя ўсіх вернікаў парафіі пробашчам ксяндзом канонікам Уладзіславам Завальнюком, адзначаецца, што парафія выконвала ўсе палажэнні дагавору аб бязвыплатным карыстанні і з павагай адносіцца да занепакоенасці КУП «Мінская спадчына» бяспекаю людзей і маёмасці, выказанай у лісце ад 30 верасня 2022 года № 11/5256, з патрабаваннем аб вызваленні будынка.
Разам з тым парафія звяртае ўвагу на тое, што, у адпаведнасці з пратаколам камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Адміністрацыі Маскоўскага раёна горада Мінска ад 26 верасня, «абавязак правядзення даследавання пашкоджаных канструкцый і прадстаўлення іх вынікаў ускладзены як на КУП „Мінская спадчына“, так і на парафію».
У лісце кс. канонік Завальнюк адзначае неабходнасць вызначыць памеры шкоды, нанесенай не толькі маёмасці КУП «Мінская спадчына», але і маёмасці парафіі, у прыватнасці, «абрадава-культавых рэліквій, якія захоўваюцца ў будынку касцёла і ўяўляюць сабой асаблівую духоўную каштоўнасць для вернікаў».
Парафія просіць строга выконваць патрабаванні пратакола пасяджэння камісіі па надзвычайных сітуацыях і з гэтай мэтай дапусціць упаўнаважаных прадстаўнікоў парафіі да даследавання пашкоджаных канструкцый са складаннем супольнага акту даследавання, вопісу маёмасці і вызначэння месца захавання па кожнай пазіцыі. Названы пратакол таксама патрабуе стварыць супольную камісію па вызначэнні нанесенай пажарам шкоды.
Акрамя таго, парафіяй быў скіраваны запыт у Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь аб прадастаўленні інфармацыі па выніках праведзеных следчых дзеянняў.
Парафія таксама скіравала адкрыты ліст на адрас прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, у якім прадстаўляе кіраўніку дзяржавы сітуацыю і просіць яго звярнуць на яе ўвагу.
У лісце, між іншым, адзначаецца, што інцыдэнт, які здарыўся ў Чырвоным касцёле 26 верасня, «з разбітаю шыбаю ў прыбудове касцёла і наступным узгараннем на нязначнай плошчы паблізу ад месца пашкоджання, з відавочнасцю з’яўляецца вынікам неправамерных дзеянняў нявысветленых асоб».
На думку вернікаў і іх душпастыра, «узгаранне, якое адбылося ў ізаляваным памяшканні, не можа і не павінна цягнуць за сабой спынення дзейнасці ўсяго аб’екту <…> Чырвонага касцёла». Парафіяне звяртаюць увагу прэзідэнта на тое, што, «насуперак патрабаванням закону», яны «да гэтага часу пазбаўлены магчымасці доступу ў касцёл».
Парафіяне лічаць, што дэмантаж святых культавых рэчаў «з’яўляецца неабгрунтаванай і неадэкватнай мерай рэагавання на інцыдэнт, які здарыўся», і мяркуюць, што гэта не было ўзгоднена з кіраўніком дзяржавы.
У лісце падкрэсліваецца, што Рыма-Каталіцкі Касцёл мае шматвяковы вопыт правядзення рамонтных і рэстаўрацыйных прац у святынях без закрыцця касцёла для набажэнстваў і наведвання вернікамі.
«Ваша спрыянне ў прававым і цывілізаваным падыходзе дазволіць нам сумесна са спецыялістамі КУП „Мінская спадчына“ не толькі агледзець давераную нам маёмасць, але і кансалідавана прыняць рашэнне аб парадку працягу набажэнстваў у касцёле і хутчэйшым аднаўленні дзейнасці рэлігійнай супольнасці», - сказана ў лісце.