Skip to main content

У Гродне аднавіліся сустрэчы шкаплернага брацтва і тых, хто шануе Маці Божую з Кармэля

szkapler 11 кастрычніка, ва ўспамін св. Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, у парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) адбылася сустрэча членаў шкаплернага брацтва і тых, хто шануе Маці Божую з гары Кармэль. Сустрэча стала першай пасля летняга перапынку.

Духоўны апякун брацтва а. Аляксандр Стока OCD падчас Імшы распавёў пра духоўнае жыццё святой Тэрэзы, звярнуў увагу на яго этапы.

szkapler 4

“Святая Тэрэза захапляе нас сваёй прастатой і дзіцячым даверам Богу, Які ведае нашыя праблемы і клопаты штодзённасці, – адзначыў святар. – Жыць у любові да Бога і бліжняга, выконваючы абавязкі і працу ў глыбокай любові, – гэта пакліканне кожнага да святасці”.

Як нагадаў а. Аляксандр, Папа Ян Павел ІІ казаў пра святую, што яна не напісала тэалагічных твораў, не вучылася ва ўніверсітэтах, а стала доктарам Касцёла, бо глыбока перажывала містычнае з’яднанне з Богам у Духу Святым. Яе духоўны скарб – невычарпальная крыніца Божай мудрасці і прысутнасці ў сэрцы чалавека, дадаў святар.

Пасля Імшы дзевяць новых членаў брацтва прынялі на сябе святы шкаплер Марыі. Такім чынам яны далучыліся да духоўнага скарбу Кармэля, а сям’я тых, хто шануе Маці Божую, павялічылася.

Усе жадаючыя запрашаюцца на чарговую сустрэчу членаў шкаплернага брацтва, якая адбудзецца ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля 5 лістапада ў 10.00.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі