З 23 па 25 верасня ў парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Васілішках (Шчучынскі дэканат) праходзіла перэгрынацыя фiгуры св. Міхала Арханёла – копіі фігуры з санктуарыя на гары Гаргана ў Монтэ-Сант-Анджэла (Італія).
Фігура прыбыла ў Васілішкі з Гатава (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія). Сустракалі яе ўсёй парафіяльнай супольнасцю. Асаблівым упрыгожваннем працэсіі сталі духавы аркестр, які дадаў ёй урачыстасці, і вялікая колькасць “анёлкаў” з усіх куткоў парафіі. У гэты дзень “анёлам” там мог стаць кожны – ад самага малога да самага старэйшага.
Урачыстую Імшу ў дзень прыбыцця фігуры ў парафію ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
На працягу трох дзён перэгрынацыі з вернікамі Васілішак маліўся пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску (Лошыца) кс. Ян Юшко CSMA, дзякуючы гаміліям якога кожны прысутны змог даведацца пра св. Міхала Арханёла крыху больш.
24 верасня фігуру ўрачыста сустракалі ў капліцах парафіі: у Клешняках, Шастакоўцах і Гурнофелі. У гэты дзень у капліцах была магчымасць ускладання шкаплера св. Міхала. Таксама ў Васілішках адбыліся Імша з магчымасцю атрымаць сакрамэнт намашчэння хворых і Імша для дзяцей і моладзі, пасля якой учарашнія “анёлкі” маглі пазабаўляцца на батутах – асаблівы падарунак пробашча кс. Станіслава Пытэля CSMA.
Адметным быў і апошні дзень перэгрынацыі. Усе жадаючыя мелі магчымасць ускладання шкаплера св. Міхала, каб атрымаць яго асаблівую апеку. Таксама апецы Арханёла даручылі парафію, яе сем’і і кожнага з парафіян.
Кожны з мясцовых вернікаў падчас перэгрынацыі мог адчуць вялікую Божую любоў і звярнуцца да Пана праз малітву да Арханёла.
Святы Міхал Арханёл, маліся за нас!
Алена Ляпеша