Skip to main content

Саракагадзіннае набажэнства і адпустовая ўрачыстасць адбыліся ў лідскай Фары

uroczystosc fara 6Як і штогод, для вернікаў лідскай Фары была арганізавана саракагадзінная падрыхтоўка перад парафіяльнай урачыстасцю Узвышэння Святога Крыжа.

У гэтай плённай падрыхтоўцы парафіянам дапамагаў ксёндз Віталій Сідорка, пробашч лідскай парафіі св. Юзафа, рамесніка, і благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка. З 12 верасня да поўначы 14 верасня працягвалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. У цішыні кожны мог прадставіць Богу самога сябе, выказаць Яму свае просьбы і падзякі.

Скончылася саракагадзіннае набажэнства Крыжовым шляхам, падчас якога вернікі разам з кс. Віталіем разважалі аб муках Хрыста і сваіх штодзённых крыжах і калі кожны мог прыгадаць сабе, якой цаной атрымана збаўленне.

Святкаванне ўрачыстасці пачалося апоўначы літургіяй, якую ўзначаліў пробашч парафіі кс. канонік Уладзімір Гуляй.

У гаміліі ксёндз Віталій звярнуўся да вернікаў з наступнымі словамі: “Дык навошта нам гэтае саракагадзіннае набажэнства? А адказ вельмі просты: каб паяднацца з Богам, ажывіць нашую веру. Гэта працэс, падчас якога мы адкрываем для сябе самога Бога, які змяняе нас”.

uroczystosc fara 5

Днём 14 верасня адбылася ўрачыстая Імша, якую ўзначаліў дэкан Лідскі кс. Андрэй Роўба. Гамілію прамовіў кс. канонік Андрэй Зноска, пробашч лідскай парафіі Божай Міласэрнасці. Ён падкрэсліў важнасць разумення таго, што праз дзеянне святара да людзей дакранаецца сам Бог, які дзеліцца з імі Найсвяцейшым Сакрамэнтам праз рукі святара. Да Эўхарыстыі і святкавання ўрачыстасці далучылася духавенства іншых парафій.

На заканчэнне Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла.

Дзіяна Бранчэль