8 верасня, у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, сястры Антоніі Шэйгерэвіч CSFN падзякавалі за 15 гадоў служэння ў біскупскай курыі ў Гродне. На працягу гэтых гадоў назарэтанка была сакратаром курыі.
На Эўхарыстыі ў прыватнай капліцы біскупа Гродзенскага сабраліся сёстры назарэтанкі, якія служаць у курыі, і іншыя курыяльныя супрацоўнікі.
Святую Імшу ў інтэнцыі сястры Антоніі цэлебраваў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Дзякуючы за час яе адданага служэння ў сядзібе Гродзенскай дыяцэзіі, іерарх пажадаў, каб на новым месцы працы – на тэрыторыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Івянцы – яна і далей з вялікай руплівасцю рэалізоўвала сваё манаскае пакліканне і развівала харызму Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэта.
Ад імя ўсіх супрацоўнікаў курыі словы ўдзячнасці законніцы выказаў канцлер кс. канонік Аляксандр Мацкевіч. Святар падкрэсліў, што за гэтыя 15 гадоў сястра паказала вялікую працавітасць, стараннасць і разважлівасць.
У другой частцы сустрэчы, на ўрачыстым сняданку, усе прысутныя жадалі сястры Антоніі Божай ласкі ў далейшай рэалізацыі свайго жыцця на новым месцы, вызначаным ёй настаяцелямі кангрэгацыі.
Таксама прысутныя прывіталі сястру Кляру Волчак CSFN, якая ў курыі прыняла абавязкі сястры Антоніі. Абедзве законніцы паходзяць з парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Шчучыне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі