5 верасня ў парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску адбылася прыміцыйная Імша неапрэзбітэра Уладзіслава Малышкі. Ён прыняў пасвячэнне двума днямі раней.
Малады святар цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі сваіх бацькоў, родных, сяброў і ўсіх спатканых на жыццёвай дарозе – аб Божым благаслаўленні для жывых і радасці вечнага жыцця для памерлых.
Неапрэзбітэра, якога вялі ў вянку з роднага дома, сустрэў каля касцёла пробашч парафіі кс. прэлат Антоні Філіпчык са шматлікімі вернікамі.
У гаміліі кс. Уладзімір Гуляй казаў пра тое, што Бог паглядзеў на неапрэзбітэра Уладзіслава і пазваў яго, каб ён, будучы самотным у жыцці, не маючы сваёй сям’і, мог дасканала служыць усёй Божай сям’і. Ксёндз Уладзімір пажадаў, каб прыміцыянту хапіла веры ў моц Таго, хто яго выбраў і пасылае да людзей. Звяртаючыся да ягоных бацькоў, святар заахвоціў іх радавацца радасцю сына, быць удзячнымі Богу, што Ён выбраў таго на служэнне ў сваім вінаградніку, падтрымліваць сына малітвай і ахвярай. “Святарства нарадзілася ў вашай сям’і, у вашым доме”, – дадаў кс. Уладзімір.
Звяртаючыся да родных і сяброў прыміцыянта, святар адзначыў, што кс. Уладзіслаў – для іх, а яны для яго, таму ім неабходна памятаць пра яго ў малітвах.
У канцы Імшы неапрэзбітэр удзяліў усім сабраным прыміцыйнае благаслаўленне.
Аліна Пяценка