Skip to main content

У гродзенскай парафіі Святога Духа з удзелам біскупа Кашкевіча благаславілі школьныя прылады

skola alszanka 54 верасня, у першую нядзелю месяца, парафію Святога Духа ў Гродне (Альшанка) наведаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Па традыцыі ў гэты дзень у парафіі адбываецца благаслаўленне школьных прыладаў і афіцыйна пачынаецца навучальны і катэхетычны год.

На пачатку святой Імшы ўсіх прысутных прывітаў пробашч парафіі кс. канонік Павел Салабуда. Ён падкрэсліў, што важней за ўсё пабудаваць жывы Касцёл, святыню з людзей, а не з камянёў.

У гэты дзень святары маліліся за дзяцей і моладзь, якія пачынаюць навучальны год, а таксама за настаўнікаў і за школы, якія знаходзяцца на тэрыторыі парафіі.

skola alszanka 13

На свята завітаў і прэфект Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Ян Раманоўскі, які звярнуўся з Божым словам да самых малодшых удзельнікаў літургіі.

“Біблія – гэта самы галоўны падручнік, па якім мы вучымся ў школе Езуса Хрыста. Таму што тут мы можам навучыцца, як паступаць, як адносіцца да іншых, як сябе паводзіць. Менавіта ў гэтай Кнізе знаходзяцца адказы на ўсе пытанні, якія кожнага з нас цікавяць”, – заўважыў кс. Ян.

Святар падкрэсліў, што “вельмі важна вучыцца ў школе, але не менш важна хадзіць на катэхезу, каб навучыцца жыць так, як нам кажа Езус Хрыстус”.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч пажадаў усім дзецям і моладзі руплівасці, стараннасці і сумленнасці ў атрыманні навукі ў школе ці іншай навучальнай установе.

skola alszanka 1

“Жадаю таксама, каб з яшчэ большым запалам і перакананасцю вы наведвалі ўрокі рэлігіі. Няхай пазнанне Езуса Хрыста і Яго навукі будзе для вас праўдзівай патрэбай сэрца, а разам з тым найвялікшай радасцю. Няхай навучальны і катэхетычны год, які распачынаецца, будзе для вас часам развіцця ў мудрасці, у гадах і ласцы ў Бога і ў людзей”, – сказаў іерарх.

Пасля Імшы дзяцей чакалі забавы на свежым паветры, каб з добрым настроем увайсці ў новы навучальны год.

Наталля Лазоўская

Фота: Кацярына Русялевіч, Наталля Лазоўская