2 верасня ў прыватнай капліцы біскупа Гродзенскага Aляксандра Кашкевіча ў Гродзенскай курыі дыяканы Уладзіслаў Малышка і Павел Шэмет, а таксама семінарыст Андрэй Юхнік урачыста прынеслі сведчанне веры, патрэбнае перад прыняццем сакрамэнту пасвячэння.
Згодна з прадпісаннямі кананічнага права, перад прыняццем пасвячэння ў ступенях прэзбітэрату ці дыяканату кандыдат павінен здзейсніць і падпісаць вызнанне веры, асабістую дэкларацыю аб сваёй свабодзе ў прыняцці пасвячэння і аб усведамленні абавязкаў і патрабаванняў, якія ўскладаюцца на яго праз пасвячэнне на ўсё жыццё.
Звяртаючыся да дыяканаў і семінарыста, якія на наступны дзень, 3 верасня, прымуць пасвячэнне ў ступенях прэзбітэрату і дыяканату ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя на Імшы ў 12 гадзін, біскуп падкрэсліў, што святарства павінна быць служэннем чалавеку, асабліва таму, якому патрэбна падтрымка – канкрэтным словам і ўчынкам.
Іерарх пажадаў, каб яны кожны дзень з вялікай руплівасцю прымалі гэтае заданне – служыць братам і сёстрам, да якіх у хуткім часе будуць пасланы.
Дыяканы i семінарыст рыхтаваліся да прыняцця пасвячэння з дапамогай пяцідзённых рэкалекцый, якія праводзіў для іх у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне духоўны айцец кс. Ян Сарэла.
Даручаем дыяканаў Уладзіслава, Паўла і семінарыста Андрэя Божай міласэрнасці і будзем прасіць аб патрэбных ласках для іх, каб сакрамэнтальная ласка Пана як мага глыбей пранікла ў іх сэрцы і думкі, каб яны, яднаючыся з Езусам, Найвышэйшым i Вечным Святаром, споўнілі да канца місію, якую сам Бог ім даверыў.
Дыякан Уладзіслаў Малышка нарадзіўся 1 жніўня 1998 г. у Гродне, паходзіць з парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску. У апошні час праходзіў літургічна-душпастырскую практыку ў лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара).
Дыякан Павел Шэмет нарадзіўся 12 ліпеня 1997 г., паходзіць з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Капцёўцы (дэканат Гродна-Захад). У апошні час праходзіў літургічна-душпастырскую практыку ў парафіі Спаслання Святога Духа ў Бярозаўцы (Навагрудскі дэканат).
Семінарыст Андрэй Юхнік нарадзіўся 13 верасня 1998 г. у Лідзе, паходзіць з лідскай парафіі Святой Сям'і. На шосты і апошні год семінарыйнай вучобы і фармацыі накіраваны ў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Элку (Польшча).
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі