Skip to main content

Сёстры назарэтанкі зладзілі Новы год для сямей

Манаская супольнасць сясцёр назарэтанак зладзіла навагоднюю сустрэчу для сямей. На 3 дні ў манастыр сясцёр назарэтанак у Навагрудку прыехалі сем’і з Гродна, Смаргоні, Мінска і Навагрудка.

Працу з сем’ямі ў духу Таварыства Святой Сям’і манаская супольнасць сясцёр назарэтанак вядзе ўжо трэці год. Пры манастырах у Гродне і Смаргоні раз на месяц ладзяцца сустрэчы для сямей і адзінокіх людзей. Гэтыя сустрэчы накіраваны на пашырэнне харызмы Назарэта сярод людзей. На снежаньскую сустрэчу ў Навагрудак прыехалі сем’і з дзецьмі, самым малодшым з якіх было па 6 месяцаў. Святар Аляксандр Фаміных правёў для прысутных канферэнцыю на тэму адзінства ў сям’і. 31 снежня а 23-й гадзіне ў манастырскай капліцы пачалося Пакланенне Святым Дарам.

Мы дзякавалі Богу за мінулы год, просячы Божай ласкі на наступны 2012 год, – кажа с. Марыянна CSFN. – Апоўначы пачалася Эўхарыстыя. Усе ўдзельнікі заўважылі, што ім было вельмі добра і спакойна падчас малітвы, хоць кожны ўсведамляў, што большасць людзей сустракае Новы год зусім інакш. Для нас, сясцёр назарэтанак, гэта вялікая радасць, што наш маленькі Назарэт можа быць для многіх беларускіх сямей прыстанкам супакою і любові.

Пасля Эўхарыстыі распачаўся карнавал, на які ўсе ўдзельнікі сустрэчы пераапрануліся ў касцюмы розных казачных герояў.

– Мы спадзяёмся і молімся, каб нашае служэнне людзям прынесла духоўны плён у сем’і Таварыства Святой Сям’і, а таксама ў сэрца кожнага чалавека, якога мы сустракаем на нашым жыццёвым шляху, - дадала с. Марыянна.