Skip to main content

У Барунах пачалася падрыхтоўка да святкавання 100-годдзя вяртання цудадзейнага абраза

baryny 2Гэты год з’яўляецца незвычайным і вельмі важным у гісторыі барунскай парафіі. У далёкім 1922 г. адбылася падзея, якая ўсхвалявала і моцна ўсцешыла ўсіх парафіян: пасля доўгай вымушанай вандроўкі працягам больш за 80 гадоў у барунскі касцёл вярнуўся цудадзейны абраз Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных.

Святыня ў Барунах сёння мае статус дыяцэзіяльнага санктуарыя, здаўна з’яўляецца месцам пілігрымак і адным з цэнтраў культу Марыі на Гродзеншчыне. З нагоды юбілею 100-годдзя вяртання славутага ласкамі абраза Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных 13 жніўня ў парафіі пачалася духоўная падрыхтоўка да галоўнай урачыстасці, якая адбудзецца 15 кастрычніка.

На пачатку навэнны, якая будзе працягвацца дзевяць субот, санктуарый наведалі пілігрымы з Сапоцкінскага дэканату. Перад абразом Маці Божай святую Імшу для вернікаў, якія прыбылі ў Баруны, і ўсіх ахвотных цэлебравалі ксяндзы дэканы Ян Пузына і Антоні Абухоўскі, ксёндз Павел Гедройць, ксёндз Казімір Яндэйшчак.

Усе мелі магчымасць прыступіць да споведзі і прыняць святую Камунію, а таксама згодна са звычаем набраць вады, якая цячэ з крыніцы ў крыпце касцёла. Зусім нядаўна крыпта з крыніцай была адноўлена і па-новаму абсталявана намаганнямі клапатлівага пробашча кс. Паўла Паўлюкевіча пры падтрымцы парафіян.

baryny 1

Кожны з вернікаў ля ног Найсвяцейшай Маці мог звярнуўся да Яе, шукаючы суцяшэння ў сваіх цярпеннях і клопатах, просячы заступніцтва ў розных цяжкіх справах, узносячы падзяку за атрыманыя ласкі і дары. Чалавек часта жыве ў смутку, але той смутак, які ўкрадаецца ў сэрца, Бог перамяняе ў радасць.

“Шукайце суцяшэння ў Пана Бога праз заступніцтва той, якая прынесла суцяшэнне ўсяму свету – Пана Езуса, і тое суцяшэнне нясіце сваім блізкім”, – сказаў у гаміліі кс. Ян Пузына.

Як сведчыць гісторыя, выява Маці Божай з’явілася ў Барунах у 1691 годзе дзякуючы Мікалаю Песляку, які атрымаў абраз у спадчыну ад айца Язафата Бражыца, уніяцкага святара з ордэну базыліянаў. У 1692 годзе намаганнямі Мікалая Песляка быў пабудаваны драўляны касцёл, пазней – мураваны. Апеку над абразом і пілігрымамі ажыццяўлялі браты базыліяне з Вільні. З таго часу культ Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных развіваўся ўсё больш. Марыя нястомна прасіла для тых, хто Яе шанаваў, жаданыя ласкі: выздараўлення, навяртання, вызвалення ад залежнасцяў, ад апантанасці, выратавання ў сітуацыях, якія пагражаюць жыццю і здароўю.

У 1839 годзе, прадбачачы роспуск ордэну і закрыццё кляштара, базыліяне перадалі абраз Маці Божай сям’і Важынскіх з Алян, а ў касцёле змясцілі яго дакладную копію. Абраз разам са сваімі апекунамі гасціў у Кракаве, Закапанэ, Вільні. Толькі 15 кастрычніка 1922 года абраз Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных вярнуўся дадому і быў змешчаны на ранейшым месцы, у левым бакавым нэфе барунскага касцёла, дзе знаходзіцца і цяпер.

baryny 3

Сёння ёсць цудоўная нагода да аднаўлення і паглыблення культу Найсвяцейшай Маці ў гэтай славутай ласкамі выяве. Удзел у пачатай 13 жніўня навэнне можна прыняць па ўстаноўленай праграме і прыватна:

20 жніўня – Бераставіца, Ваўкавыск, Масты

27 жніўня – Шчучын

3 верасня – Ліда

10 верасня – Навагрудак, Дзятлава, Слонім

17 верасня – Іўе, Радунь

24 верасня – Смаргонь

1 кастрычніка – Астравец

8 кастрычніка – Ашмяны

Радаснае і багатае духоўнымі плёнамі святкаванне юбілею 100-годдзя вяртання ў Баруны абраза Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных адбудзецца 15 кастрычніка, пачатак у 12 гадзін.

Ірына Якубель