
У прадмове да выдання аўтар зазначае: “Думаю, што мы маем патрэбу ў чымсьці, што будзе яднаць у адно цэлае наша мітуслівае жыццё і дапамагаць нам адшукваць у шэрай паўсядзённасці глыбокую прастору блізкасці з Богам. Мы павінны знайсці “штосьці”, што будзе садзейнічаць нашай унутранай засяроджанасці і ўпарадкаванасці. Дык вось, гэтае “штосьці” даецца нам штодня, з’яўляецца нашым хлебам надзённым. Я маю на ўвазе Божае слова. Яно вельмі блізкае нам. Яно чытаецца падчас штодзённай эўхарыстычнай літургіі. Яно знаходзіцца ў Бібліі, якая ёсць у нас дома. […] Я глыбока веру ў тое, што злучыць нашае “раздзёртае жыццё” можа пастаянная практыка малітвы Божым словам, якую мы размяркуем на ўвесь дзень заняткаў”.
Кніга “Як жыць Божым словам у паўсядзённым жыцці” з’яўляецца прапановай практыкі, пра якую гаворыць аўтар. У кнізе змяшчаецца раздзел “Слова Бога і нашая паўсядзённасць”, у якім аўтар разважае над тым, як Бог штодня звяртаецца да чалавека. Наступныя раздзелы кнігі ўяўляюць сабой этапы шляху да Божага слова. У якасці дадатку падаецца раздзел пра ўдзел пачуццяў у малітве Божым словам.
Кнігу можна набыць у дыяцэзіяльнай кнігарні па вуліцы К. Маркса, 4. Тыраж выдання – 1000 экзэмпляраў. Арыгінальнае выданне выйшла на польскай мове ў Кракаве.