Моладзь парафій Гродна, Глыбокага, Мастоў, Слоніма і Баранавіч прыняла ўдзел у спартыўным летніку, які праводзіўся ў Слоніме.
Акрамя арганізатара – адказнага па справах спорту ў Гродзенскай дыяцэзіі кс. Артура Малафея – і апекуноў, спартыўную частку летніку праводзілі на прафесійным узроўні трэнеры футбольных клубаў “Слонім” і “Лакаматыў” (Гомель).
Удзельнікаў мерапрыемства прымала слонімская парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Духоўным пасілкам для іх былі штодзённая святая Імша і Вяночак да Божай Міласэрнасці.
Моладзь штодня мела магчымасць паспрабаваць свае сілы ў прафесійных футбольных трэніроўках, а таксама згуляць у футбол на галоўных арэнах Слоніма – Навагрудка – Нясвіжа.
Шмат пазітыўных эмоцый удзельнікам прынеслі гульня ў настольны тэніс, эстафета на тэрыторыі МНС, пляжны футбол на беразе возера.
У межах адпачынку моладзь удзельнічала ў эскурсіі ў Навагрудак, Уселюб і Нясвіж. Хлопцы і дзяўчаты наведалі каталіцкія святыні і Нясвіжкі замак.
На заканчэнне летніку ўсе ўдзельнікі атрымалі падарункі – спартыўную экіпіроўку.
Маладыя людзі дзякуюць усім спонсарам за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства.
Аліна Шэўчук
Фота: кс. Артур Малафей, Яўген Малафей