
На пачатку св. Імшы ксёндз біскуп прывітаў святароў, вернікаў і сясцёр з супольнасці назарэтанак, для якіх свята Езуса, Марыі і Юзафа з’яўляецца патранальным. Падчас св. Імшы маліліся за ўсе хрысціянскія сем’і, асабліва за шматдзетныя і тыя сем’і, якія перажываюць часы крызісу.
- Хацелі бы падзякаваць Пану Богу за гэты дар бацькоўства і за іх духоўны ўнёсак у нашыя сэрцы, - сказаў падчас св. Імшы ксёндз біскуп Аляксандр. - Гэта дзякуючы фармацыі ў нашых сем’ях мы сталі дзецьмі Божымі. Бацькі паклапаціліся пра тое, каб мы былі ахрышчаныя, каб былі прыведзеныя да Сакраманту. Таксама ў сям’і мы пазналі асновы веры, той просты Катэхізіс. Але жыццё не стаіць на месцы, кожны з нас павінен паглыбляць сваю веру. Нават той, хто атрымаў тэалагічную адукацыю, павінен вяртацца да таго, што з’яўляецца крыніцай. У сям’і, я бы сказаў, навука ў сям’і была не столькі тэалагічная, колькі практычная і аўтэнтычная. Бацькі чым жылі, тым дзяліліся з намі. Дзякуем тым бацькам, якія жывуць, і ў асаблівы спосаб молімся за тых, якія адышлі за ўзнагародай да Пана. Дзякуем сям’і супольнасці назарэтанак на чале з сястрой правінцыяльнай за іх працу, ангажаванне і за вялікі ўнёсак у развіццё Касцёла на Гродзеншчыне.
Напрыканцы св. Імшы сёстры супольнасці назарэтанак аднавілі свае манаскія шлюбы.