Skip to main content

 Арцыбіскуп Кандрусевіч пра старыя і новыя выклікі сучаснага свету ў 15-ю гадавіну каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі

2022 07 18 Gudagaj Imsha dniom 20220717116 і 17 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль ў Гудагаі адбыліся адпустовыя ўрачыстасці ў 15-ю гадавіну каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Шкаплернай папскімі каронамі.

Цэлебрацыю заключнай святой Імшы ў другі дзень фэсту ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Разам з ім у ёй узялі ўдзел Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, найстарэйшы беларускі іерарх біскуп Казімір Велікаселец, біскуп Юрый Касабуцкі, а таксама вялікая колькасць святароў, перадусім з ордэна кармэлітаў босых, якія апякуюцца Гудагайскім санктуарыем.

Усіх прысутных на ўрачыстасцях вернікаў і пілігрымаў з розных мясцін Беларусі і з-за мяжы, перадусім з суседняй Літвы, прывітаў пробашч гудагайскай парафіі і кусташ санктуарыя айцец Аркадзь Куляха OCD.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч перадусім узгадаў каранацыю абраза Маці Божай Гудагайскай, што адбылася 15 гадоў таму, падкрэсліўшы, што каранацыя ікон Багародзіцы — «гэта перадусім знак удзячнасці Марыі за ўдзел у справе нашага збаўлення, апекі над намі, пашаны да Яе і пашырэння Яе культу».

2022 07 18 Gudagaj Imsha dniom 2022071710

Заслужаны іерарх нагадаў таксама аб фацімскім прароцтве Панны Марыі аб навяртанні нашага краю пасля эпохі ваяўнічага атэізму, аб чым маліліся людзі ў Гудагаі ў часы ганенняў.

Дзякуючы Богу і Найсвяцейшай Маці за ласку адраджэння Касцёла на нашых землях, арцыпастыр адзначыў пэўныя негатыўныя тэндэнцыі сучаснага свету, пра якія казаў у дзень каранацыі цудадзейнага абраза 15 гадоў таму, а таксама звярнуў увагу на новыя выклікі, што з’явіліся ў апошні час.

«Навяртанне — гэта няпросты працэс для нас, нашчадкаў атэістычнага мінулага, што ў спалучэнні з тэндэнцыямі секулярызму, маральнага рэлятывізму, лібералізму і спажывальніцтва ўяўляе сабой пагрозу для нашага духоўнага развіцця. Чалавек сёння часта жыве так, быццам Бог увогуле не існуе, і ставіць сябе на Яго месца.

Сям’я як падмурак грамадства перажывае нябачаны дагэтуль крызіс: памнажаецца колькасць разводаў, змяняецца Богам устаноўленае паняцце сям’і, ставяцца пад сумнеў маральныя нормы, дасягненні генетыкі выкарыстоўваюцца для маніпулявання Божым дарам жыцця, наркаманія ўскладняе праблему п’янства, расце злачыннасць, агрэсія і нецярпімасць, знікае дух міласэрнасці і прабачэння, балючымі з’яўляюцца грамадска-палітычныя і сацыяльныя праблемы, вялікую небяспеку нясуць палітычныя, дыпламатычныя, эканамічныя, санкцыйныя войны, а нарастаючая напружанасць у свеце, і асабліва ва Украіне, пагражае новай сусветнай вайной.

Сучасны свет становіцца светам духоўна апатычных і рэлігійна абыякавых людзей. Секулярызаваны свет патрабуе сведкаў хрысціянскай веры. Яму патрэбны не толькі настаўнікі, але і вызнаўцы. Евангельскае сведчанне з’яўляецца найбольш выразным знакам нашай вернасці Хрысту», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

2022 07 18 Gudagaj Imsha dniom 202207175

Іерарх заклікаў прысутных быць «соллю, якая дапаможа пазбегнуць маральнага раскладу; быць святлом, каб дапамагчы іншым знайсці праўду Евангелля і сэнс жыцця».

«Няхай ніколі нас не пераможа дух знеахвочвання і апатыі ў абвяшчэнні Евангелля і ў хрысціянскім сведчанні», — выказаў пажаданне арцыпастыр.

Сваю гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў малітвай праз заступніцтва Багародзіцы: «Табе, Марыя, Божая Маці Шкаплерная, у пятнаццатую гадавіну каранацыі Твайго гудагайскага абраза, у часы, калі мы перажываем наступ маральнага зла і над светам вісяць цёмныя хмары пагрозы новай вайны, давяраем нас, наш народ і ўвесь свет.

Пад Тваю абарону прыбягаем. Не пакідай нас у новай рэчаіснасці выпрабавання ва ўмовах секулярызму, лібералізму, маральнага рэлятывізму і пагрозы вайны. Выпрасі ў свайго Сына ласку выканання місіі абаронцаў нашай веры і мужнага адказу на грозныя выклікі нашага часу. Дапамажы ў справядлівым вырашэнні грамадска-палітычнага крызісу ў нашай Бацькаўшчыне. Навучы ісці шляхам еднасці, узаемнага прабачэння і прымірэння. Выпрасі ласку міру ва Украіне. Навучы пераадольваць культуру падзелу з мэтай умацоўваць культуру міру. Вывядзі з гадзіны зла ў гадзіну ласкі і вядзі сваёй матчынай апекай да шчаслівага жыцця на зямлі і хвалы неба», — маліўся разам з сабранымі ў Гудагаі вернікамі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Паводле Catholic.by