Skip to main content

Крыжовы шлях з удзелам трох біскупаў прайшоў на ўрачыстасцях у Гудагаі

2022 07 18 Gudagaj KS 202207162Увечары 16 ліпеня, у першы дзень фэсту ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль у дыяцэзіяльным санктуарыі ў Гудагаі, прайшло набажэнства Крыжовага шляху па самай вялікай Кальварыі ў нашай краіне.

Сёлетнія ўрачыстасці праходзілі ў 15-ю гадавіну каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі папскімі каронамі, якую здзейсніў 15 ліпеня 2007 года кардынал Казімір Свёнтэк.

Пакутнае набажэнства ўвечары ў суботу стала мясцовай традыцыяй. Сёлета Крыжовы шлях падчас Гудагайскага фэсту прайшоў ужо ў 13-ы раз.

2022 07 18 Gudagaj KS 202207163

Узначаліў набажэнства Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Распачынаючы Крыжовы шлях, ён заахвоціў удзельнікаў прайсці яго ў засяроджанасці, без непатрэбных размоў, дапамагаючы тым, каму будзе асабліва цяжка ў дарозе. Поплеч з біскупам Касабуцкім ішлі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і найстарэйшы беларускі іерарх біскуп Казімір Велікаселец.

Крыжовы шлях, які працягнуўся на тры з паловаю кіламетры па моцна перасечанай мясцовасці, дае магчымасць асаблівым чынам перажыць разважанні над апошнімі гадзінамі жыцця і смерцю Збаўцы.

2022 07 18 Gudagaj KS 202207164

Падчас Крыжовага шляху, у якім сёлета бралі ўдзел да тысячы чалавек, святары служылі сакрамэнтам паяднання, і многія скарысталіся гэтай магчымасцю, каб паспавядацца і пакутаваць за свае грахі.

2022 07 18 Gudagaj KS 2022071611

Людзі падтрымлівалі адно аднаго, калі трэба было ісці па гразкіх пасля дажджу палявых сцежках, сярод карэння, абмінаць вялікія валуны па дарозе, уздымацца на крутыя пагоркі. Аднак пераадоленне фізічных складанасцяў на Кальварыі духоўна ўмацоўвае, дапамагае ачысціцца ад маральнага бруду і загартоўвае ў змаганні з грахоўнымі спакусамі.

2022 07 18 Gudagaj KS 2022071619

Паводле Catholic.by