Skip to main content

Адбылася пілігрымка з Гродна ў Навумавічы шляхам мучанікаў нашай зямлі

piligrymka naumowicze 8716 ліпеня адбылася пешая пілігрымка з Гродна на месца спачыну ахвяр Другой сусветнай вайны ў лесе каля Навумавічаў, дзе знаходзіцца масавае пахаванне расстраляных падчас Другой сусветнай вайны, жыхароў Гродна і Ліпска. Сярод іх была расстраляна благаслаўлёная Мар’яна Бярнацкая.

Сёлета прыпала 79-я гадавіна гэтай страшнай трагедыі.

Пілігрымка шляхам мучанікаў нашай зямлі вырушыла з гродзенскага касцёла Маці Божай Анёльскай (францішканскі). У Адамавічах да яе далучыліся больш за 30 чалавек з новай гродзенскай парафіі, апякункай якой з’яўляецца благаслаўлёная Мар’яна.

У пілігрымцы прадстаўнікі розных пакаленняў углядаліся ў прыклад веры сведкаў нашай зямлі, якія засталіся да канца адданымі Хрысту і Яго Евангеллю. Таксама ў межах пілігрымкі адбыўся Крыжовы шлях, які ўзначаліў кс. канонік Антоні Грэмза і падчас якога вернікі разважалі над жыццём святых і благаслаўлёных, звязаных з Гродзеншчынай.

piligrymka naumowicze 74

Удзельнікі разам маліліся, каб ва ўсіх сэрцах людзей любоў перамагла нянавісць, бо любоў мацнейшая за ўсю магутнасць і зло гэтага свету.

У пілігрымцы, як адзначаюць удзельнікі, асаблівым чынам можна было адчуць Божую прысутнасць, бо была магчымасць задумацца і пераасэнсаваць многія свае ўчынкі.

Кожны пілігрым ішоў у гэтае асаблівае на карце нашай краіны месца, палітае мучаніцкай крывёю, з канкрэтнай інтэнцыяй у сэрцы. Па дарозе пілігрымы падбіралі камяні, якія неслі да месца гібелі бл. Мар’яны і іншых мучанікаў, каб там выкласці з іх ружанец.

У дарозе былі песні, малітвы і сведчанні людзей аб іх праблемах і крызісах у сямейным жыцці.

Пілігрымка пакінула ў сэрцах удзельнікаў шмат слядоў, хоць працягвалася так нядоўга. Яна прынесла радасць, супакой, упэўненасць, адвагу, жаданне служыць іншым, а найперш любоў, для якой кожнага чалавека стварыў Бог і якой трэба ўмела дзяліцца з іншымі.

piligrymka naumowicze 64

Дасягнуўшы Навумавіцкага лесу, пілігрымы доўга стаялі ў маўчанні, углядаючыся ў крыж, які ўздымаецца на гары. Яны дзякавалі Богу за час гэтай вандроўкі і за сведчанне веры столькіх мучанікаў, якія сёння просяць і аб нашай адвазе.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Міхаіл Міклашэвіч