У суботу 16 ліпеня у парафіі Маці Божай Шкаплернай у Жукойнях Жалядскіх, што на Астравеччыне, адзначылі юбілей 400-годдзя з часу пабудовы тут першага касцёла.
Першая каталіцкая святыня тут была пабудавана ў 1622 годзе. У 1820 годзе быў узведзены новы, драўляны касцёл пад тытулам Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Войцеха, мучаніка. У 1908 годзе будынак касцёла, які на той момант быў ператвораны ў царкву, згарэў. На месцы пагарэлішча ў 1912 годзе была пабудавана каменная царква, якая ў 1914 годзе была аддадзена католікам.
Рэканструкцыя будынка доўжылася з 1914 года да 1918 год. Падчас рэканструкцыі была зменена арыентацыя алтара на захад. Памяшканне былой царквы стала прэсбітэрыем, да якога прыбудавалі асноўны зруб-трысцен з арачнымі вокнамі, над уваходам усталявалі хоры з фісгармоніяй. Каля касцёла была ўзведзена чытырохгранная званіца, у якой быў змешчаны звон фундацыі Гасперскага.
Касцёл быў закрыты ў 1947 годзе савецкімі ўладамі. У 1990 годзе святыня вернута каталіцкай парафіі.
Урачыстую цэлебрацыю з нагоды парафіяльнага адпусту Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль і 400-гадовага юбілею тутэйшай каталіцкай супольнасці ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх перадусім нагадаў словы Езуса, сказаныя Ім апосталу Пятру: «Ты Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую свой Касцёл, і брамы пякельныя яго не перамогуць». Арцыбіскуп суаднёс іх са складанай гісторыяй жалядскай парафіі і яе святыні. Ён падкрэсліў, што чатырохсотгадовая гісторыя супольнасці сведчыць пра нязменную праўду аб тым, што Бог з’яўляецца Валадаром гісторыі і заўсёды ставіць апошнюю кропку над «і».
«Заснаваная чатыры стагоддзі таму парафія ў Жукойнях Жалядскіх, нягледзячы на розныя перыпетыі гісторыі, неаднаразовае закрыццё касцёла і ганенні на веру, не знікла.
Хоць з 1947 па 1990 год касцёл быў зачынены, тым не менш ён падтрымліваў веру людзей. Яго сцены як быццам паўтаралі словы Езуса: „Калі вы будзеце маўчаць, то камяні будуць прамаўляць“», — адзначыў арцыпастыр, дадаўшы, што тры дзесяцігоддзі свабоды веравызнання сталі часам адраджэння веры і яе ўмацавацця, хоць гэта і нялёгка ў цяперашні час адыходу ад Бога.
«Найкарацейшы шлях да Езуса — гэта Марыя. Нашыя продкі, давяраючы сябе апецы Божай Маці Шкаплернай, сваім хрысціянскім сведчаннем пацвердзілі словы Пятра ў часы ганенняў на веру. Мы не можам і не маем права іх здрадзіць. Захаваную і перададзеную нам спадчыну веры неабходна бараніць і развіваць.
Найлепшай дапамогай у гэтым з’яўляецца нябесная Апякунка парафіі Маці Божая Шкаплерная. Шкаплер складаецца з дзвюх частак, што сімвалізуюць два духоўныя шчыты, якія абараняюць нас ад бачнага і нябачнага зла», — падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
На заканчэнне ён пажадаў вернікам парафіі ў Жукойнях Жалядскіх, якая распачынае пятае стагоддзе свайго існавання, «быць годнымі нашчадкамі сваіх продкаў, жыць верай, бараніць і ўмацоўваць яе, бо без веры няма збаўлення».
Пробашч парафіі ксёндз Анатоль Захарэўскі выказаў падзяку заслужанаму іерарху за ўдзел у парафіяльнай урачыстасці і за тое, што падзяліў з тутэйшымі вернікамі радасць 400-гадовага юбілею іх супольнасці.