Пасля двухгадовага перапынку, выкліканага пандэміяй, сёлета пачаў паступова адраджацца рух пілігрымаў у Гродзенскай дыяцэзіі.
Дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) стаў тым месцам, куды прыбывалі ў апошні час пілігрымы.
З Гродна ў санктуарый у індывідуальным парадку вырушыла невялікая група вернікаў на чале з сястрой Марленай з Шанштацкага Інстытуту Сясцёр Марыі. „У мінулым годзе мы здзейснілі чатыры роварныя пілігрымкі. На працягу года ўсе мы перахварэлі на каранавірус – адны лягчэй, іншыя цяжэй. У сувязі з гэтым было шмат няпэўнасці наконт таго, ці паедзем кудысьці сёлета, бо стан здароўя крыху пацярпеў ад каранавірусу”, – кажа сястра Марлена.
Параіўшыся, група вырашыла ў гэтым годзе з’ездзіць толькі адзін раз у санктуарый Маці Божай Фацімскай у Шуміліне (Віцебская дыяцэзія). У Тракелі планавалі пайсці пешкі. З той прычыны, што сёлета не адбылася пешая пілігрымка з Гродна ў Тракелі, рашэнне прыйшло хутка – паехаць туды на роварах.
Пілігрымка працягвалася два дні. З Гродна ўдзельнікі прыбылі ў Забалаць, дзе іх сардэчна і гасцінна прынялі добрыя людзі, а адтуль – непасрэдна ў Тракелі.
„Мы дасягнулі мэты дастаткова хутка. Не было яшчэ пілігрымаў, якія накіроўваліся да Марыі ўласнымі нагамі. У нас быў час, каб адпачыць, падсілкавацца, а потым пабыць ля трону Тракельскай Пані ў цішыні – на малітве”, – адзначае сястра Марлена.
Як дадае законніца, на гэты раз пілігрымка мела характар падзякі. „У мінулым годзе самая малодшая з пілігрымаў везла да Марыі вельмі важную інтэнцыю, і просьба дзяўчынкі была выслухана, таму галоўным акордам таго шляху, які мы пераадольвалі сёлета, была падзяка за шматлікія ласкі, якія атрымліваем кожны дзень, і за тыя, што сталі канкрэтным адказам на нашы просьбы да неба”, – распавядае сястра.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі