Skip to main content

Завяршылася Парафіяда дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі

sport 1Вечарам 28 чэрвеня ў Гродне завяршылася ХІІ Парафіяда дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Пасля Імшы, якая адбылася ў гродзенскім касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці (Аўгустовак), удзельнікі рэлігійна-культурна-спартыўнага мерапрыемства накіраваліся на спаборніцтвы ў розных дысцыплінах спорту на стадыёне “Нёман”.

sport 13

Нягледзячы на спёку, удзельнікі стараліся паказаць найлепшыя вынікі, каб здабыць узнагароды, але таксама памяталі словы біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, адрасаваныя ім падчас Імшы, аб тым, што на парафіядзе “не толькі золатам, срэбрам ці бронзай трэба ўзбагаціцца, але найперш верай”.

Пасля двухдзённых спаборніцтваў і конкурсаў у розных дысцыплінах творчага, спартыўнага і інтэлектуальнага характару пераможцамі сёлетняй парафіяды сталі парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Росі ў намінацыях “святыня” і “тэатр” і парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Індуры ў намінацыі “спорт”.

Пасля ўзнагароды кожнага з прысутных чакаў салодкі сюрпрыз.

ХІІ Парафіяда дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі завяршылася, але, як зазначалі ўдзельнікі, успаміны аб гэтым часе застануцца ў іх памяці, і ў наступным годзе яны ўжо плануюць з радасцю зноў сустрэцца на парафіядзе.

Cустрэча, якая складалася з трыяды “святыня – тэатр – спорт”, сабрала дзяцей і моладзь з 25 парафій Гродзенскай дыяцэзіі і парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім (Віцебская дыяцэзія). У двухдзённай сустрэчы ўдзельнічалa ў цэлым 217 чалавек.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Аліна Пяценка