12 мая, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, у парафіі св. Юрыя, мучаніка, у Варнянах (Астравецкі дэканат) дзеці прыступілі да Першай Камуніі.
Як паведамляе сайт парафіі, Цела Хрыста ў гэты дзень упершыню прынялі ў свае чыстыя, поўныя любові, надзеі і веры сэрцы 17 хлопчыкаў і 14 дзяўчынак.
Гэтаму вельмі важнаму ў жыцці маленькіх вернікаў моманту папярэднічалі два гады падрыхтоўкі. У гэты час дзеці з дапамогай катэхеткі Марыны Бразевіч і пробашча парафіі ксяндза Віктара Захарэўскага вучылі малітвы, знаёміліся з навукай Хрыста, разважалі над Божым словам, вучыліся адрозніваць дабро ад зла, стараліся зразумець і палюбіць Езуса, памнажалі сваю веру, каб праз жывы ўдзел у жыцці Касцёла заўсёды адчуваць Хрыстовую прысутнасць.
Напярэдадні Першай Камуніі дзеці прыступілі да сваёй першай споведзі, каб з чыстым сэрцам прыняць Хрыста.
Іх бацькі адмыслова ўпрыгожылі святыню, каб першае прыняцце Цела Хрыста засталося ў памяці дзяцей як найвялікшая падзея ў іх жыцці. У касцёле, па-святочнаму ўбраным, панавала атмасфера ўрачыстасці, шчырай малітвы, спакою і ўпэўненасці, што гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі стануць паўнапраўнымі прысутнымі ў парафіяльнай сям’і і будуць карыстацца Божай ласкай, якую даюць ім сакрамэнты.
Перад Эўхарыстыяй пробашч парафіі прывітаў дзяцей, іх бацькоў і хросных на вуліцы каля святыні, заклікаўшы асаблівым чынам маліцца за дзяцей, каб яны змаглі глыбока адчуць момант сустрэчы з Хрыстом і даўжэй прабывалі ў святасці. Пасля бацькоўскага благаслаўлення дзеці пад спеў песні “Сённяшні дзень Бог падараваў” урачыстай працэсіяй увайшлі ў касцёл.
Пры запаленых свечках хлопчыкі і дзяўчынкі аднавілі абяцанні хросту, паабяцалі працягваць наведваць урокі рэлігіі і вывучаць Божае слова, быць годнымі людзьмі ва ўсіх сваіх учынках і рэгулярна ўдзельнічаць у святых Імшах.
У гаміліі ксёндз Віктар нагадаў, што святая Камунія – незвычайны Божы дар, які з’яўляецца пасілкам для чалавека ў зямным жыцці.
З асаблівым хваляваннем і нецярпеннем дзеці чакалі моманту, калі Езус у выглядзе белай Гостыі ўвойдзе ў іх сэрцы. Затым доўгачаканая хвіліна настала, яны з запаленымі свечкамі ў руках разам з бацькамі і хроснымі па чарзе падыходзілі да алтара і першы раз у сваім жыцці прымалі Цела Езуса Хрыста, які з любоўю і ласкай прыйшоў да кожнага з іх у Эўхарыстыі.
Пасля ўдзялення Камуніі ксёндз Віктар павіншаваў дзяцей з гэтай важнай падзеяй. Таксама ён звярнуўся да бацькоў з просьбай быць годнымі сведкамі веры для сваіх дзяцей, дапамагаць ім развіваць еднасць з Хрыстом, клапаціцца пра іх духоўнае развіццё. Святар заахвоціў дзяцей прыходзіць на працягу “белага тыдня” ў касцёл і прымаць удзел у набажэнствах.
На заканчэнне Імшы бацькі выказалі шчырыя словы ўдзячнасці ксяндзу Віктару і катэхетцы Марыне за падрыхтоўку да Першай Камуніі, а таксама Ілоне Калпак за музычнае суправаджэнне ўрачыстай Эўхарыстыі.