Skip to main content

35-годдзе святарства кс. Аляксандра Шэмета адзначылі ў Гродне

szemet 55 чэрвеня, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, кс. Аляксандр Шэмет адзначаў 35-годдзе з часу прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння.

З гэтай нагоды адбылася Імша падзякі ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці (Аўгустовак) у Гродне, пробашчам якой з'яўляецца кс. Аляксандр. Дзякуючы яго старанням была пабудавана новая парафіяльная святыня, асвячаная ва ўрачыстасць Нараджэння Пана ў 2021 г.

Эўхарыстыю ўзначаліў сам юбіляр, які дзякаваў Богу за ўсе гады свайго святарскага служэння і ўсіх людзей, каго сустрэў на жыццёвым шляху. На Імшы сабраліся ўдзячныя парафіяне, якія захацелі падтрымаць яго малітвамі.

szemet 11

Вернікі дзякавалі Пану праз заступніцтва Апякункі сваёй парафіі, Маці Божай Міласэрнасці, за дар паклікання свайго душпастыра і прасілі, каб Найвышэйшы Святар Езус Хрыстус напаўняў яго верай і вёў да збаўлення.

Пасля Імшы парафіяне выказалі віншаванні юбіляру. Кранальныя словы разам з кветкамі стварылі цёплую атмасферу, якая дапамагла святару вярнуцца ў думках на хвіліну ў той дзень, калі ён аддаў сваё жыццё Богу.

Юбіляр выказаў усім падзяку.

Ксёндз Аляксандр Шэмет паходзіць з парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Ганцавічах (Пінская дыяцэзія). Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў 31 мая 1987 г. у Рызе (Латвія) біскуп Яніс Цакулс.

Таксама з'яўляецца пробашчам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адамавічах (Сапоцкінскі дэканат).

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі