У апошнюю нядзелю мая ў парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Гальшанах (Ашмянскі дэканат) 16 дзяцей пасля адпаведнай падрыхтоўкі і сакрамэнту пакаяння ўпершыню прынялі ў свае сэрцы Езуса Хрыста.
Пробашч парафіі айцец Багуслаў Вуйтовіч OFMConv сустрэў маленькіх парафіян і іх бацькоў перад уваходам у касцёл. Дзеці атрымалі благаслаўленне і ўрачыста ўвайшлі ў святыню.
У гаміліі айцец Багуслаў падзякаваў бацькам, якія паклапаціліся аб падрыхтоўцы дзяцей да Першай святой Камуніі, а таксама бабулям, якія напаміналі мамам і татам аб рэлігійным выхаванні ўнукаў. Звяртаючыся да дзяцей, святар заклікаў іх заўсёды мець у сэрцы месца для Пана Езуса, нават калі скончыцца Белы тыдзень і яны здымуць белае адзенне, каб іх сэрцы заставаліся такімі ж белымі, чыстымі, прыгожымі, гатовымі да прыходу Хрыста.
Пробашч нагадаў, што кожная Імша – гэта падзяка за змёртвыхпаўстанне, за любоў Бога да кожнага з нас, таму заахвоціў дзяцей удзельнічаць у Імшах, дзякуючы Пану за ўсе дары, якія Ён спасылае на кожнага.
На заканчэнне бацькі і дзеці падзякавалі пробашчу за сакрамэнт пакаяння, чулае сэрца, заўсёды адкрытае на сваіх парафіян, за ўдзяленне Першай Камуніі. Катэхетцы яны падзякавалі за падрыхтоўку дзяцей, а таксама выказалі ўдзячнасць усім, хто прычыніўся да гэтай прыгожай урачыстасці.
На памяць аб урачыстасці дзеці атрымалі з рук святара хлеб, якім змогуць падзяліцца са сваімі роднымі і блізкімі.
Людміла Пясецкая