11 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне.
На святой Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці групе маладых людзей, якія былі адпаведна падрыхтаваны праз катэхетычныя заняткі, удзел у літургіі і прыступілі да сакрамэнту пакаяння і паяднання.
Сакрамэнт канфірмацыі прыняў у гэты дзень 31 парафіянін. Яны захацелі адкрыць свае сэрцы на дары Духа, якія становяцца практычнымі здольнасцямі, патрэбнымі для чалавека ў многіх штодзённых сітуацыях, а таксама з’яўляюцца “пастаяннымі схільнасцямі, якія дапамагаюць чалавеку ісці за натхненнямі Духа Святога” (KKK 1830).
На Эўхарыстыі біскуп асаблівым чынам маліўся за хлопцаў і дзяўчат, якія прымалі гэты сакрамэнт, каб дзякуючы сямі дарам Духа яны атрымалі магчымасць усталяваць асабістыя і глыбокія адносіны з Богам Айцом.
У гаміліі прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі кс. Юрый Марціновіч падкрэсліў важнасць веры, каб прыняты сакрамэнт хрысціянскай сталасці мог прыносіць плёны ў жыцці чалавека і рабіць яго з кожным днём усё больш мудрым, пабожным, разумным.
На заканчэнне Імшы маладыя людзі выказалі словы ўдзячнасці ўсім, хто прыклаў старанні, каб падрыхтаваць іх да гэтай падзеі.
Пробашч парафіі а. Андрэй Агель SP падзякаваў біскупу за ўдзяленне сакрамэнту, а таксама сярод іншых падзякаваў брату Паўлу Пастушыну SP за прысвечаны час і катэхізацыю маладых людзей.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі