Skip to main content

У гродзенскай катэдры духавенства і вернікі павіншавалі біскупа Аляксандра з імянінамі

imeniny bp 343 мая, у дзень сваіх імянінаў, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксаверыя ў Гродне.

На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія святары, асобы кансэкраванага жыцця і вернікі, молячыся за свайго пастыра.

У гаміліі генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч, які ў гэты дзень таксама адзначаў імяніны, разважаў пра ролю Маці Божай у жыцці кожнага чалавека.

Святар падкрэсліў, што Марыя ўмее жыць у ценю Сына, заўсёды ставіць Яго на першы план, і ў гэтым Яе валадарства.

imeniny bp 33

Па словах генеральнага вікарыя, Марыя Каралева ўказвае найперш не на сябе, а на свайго Сына, аб’яўляе Яго ва ўсёй Ягонай таямніцы, Ягонай адданасці для нас і ўсяго свету.

На Імшы маліліся таксама за ўсе сем’і дыяцэзіі, у інтэнцыі новых пакліканняў да служэння ў Касцёле і аб дары міру для ўсяго свету і ўсіх народаў.

На заканчэнне літургіі рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Віталій Вайцяхоўскі ад імя духавенства і сясцёр законных, якія служаць на тэрыторыі дыяцэзіі, выказаў віншаванні біскупу Аляксандру Кашкевічу і генеральнаму вікарыю.

Да віншаванняў далучыліся наймалодшыя прадстаўнікі гродзенскіх парафій – дзеці з катэдры і пабернардынскай парафіі Адшукання Святога Крыжа.

Віншаванні прагучалі таксама з вуснаў семінарыстаў і навучэнцаў Тэалагічнага каледжа імя св. каралевіча Казіміра ў Гродне.

Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі падзякаваў усім за прысутнасць, памяць і малітву. Ён падкрэсліў, што гэта дзень, калі ён вяртаецца думкамі да сваёй роднай старонкі і роднага дома, каб у гарачай малітве падзякаваць Пану за дар веры, за сваіх бацькоў і хросных, а таксама за ўсіх, каму служыць як біскуп.

Іерарх дадаў, што нястомна дзякуе Богу за кожнага святара, законную сястру і верніка, якія разам утвараюць дыяцэзіяльную сям’ю.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Аляксей Ціхан