З 8 па 17 красавіка пры касцёле святога Міхала Арханёла ў Навагрудку ўпершыню прайшоў мастацкі пленэр вядомых мастакоў нашай краіны. Асноўнай тэмай прац удзельнікаў былі навагрудскія краявіды.
Суарганізатарам культурнага мерапрыемства выступіў народны мастак Беларусі Кастусь Качан – ураджэнец Навагрудка. Удзельнікамі пленэру былі Алесь Суша, Аляксандр Грышкевіч, Рыгор Сітніца, Мікола Бушчык, Валянціна Шоба, Сяргей Рымашэўскі, Кацярына Сумарава, Дар’я Сумарава-Копач, Таццяна Патворава, Віктар Сагановіч, Кастусь Качан.
Па выніках дзесяцідзённага пленэру ўдзельнікі стварылі 24 працы, якія сталі асновай мастацкай галерэі беларускіх жывапісцаў пры касцёле святога Міхала Арханёла ў парафіяльным доме.
Урачыстае адкрыццё новаўтворанай мастацкай галерэі адбылося на Вялікдзень, 17 красавіка, і сабрала значную колькасць мясцовых жыхароў, якія цікавяцца жывапісам і неабыякавыя да багатай духоўнай і культурнай спадчыны Навагрудка. Стварэнню пасхальнай атмасферы культурнай падзеі садзейнічаў музычны калектыў моладзі з Гродна, які выканаў хрысціянскія песні праслаўлення.
Кс. Юрый Жэгарын