На працягу амаль дваццаці гадоў міністранты парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі ўдзельнічаюць у своеасаблівай ініцыятыве, якая мае назву “старожкі”.
Падобна як рымскія жаўнеры, якія былі пасланыя ахоўваць магілу, міністранты чуваюць каля Найсвяцейшага Сакрамэнту ў адпаведнасці са словамі Евангелля паводле Мацвея: “Яны адышлі і засцераглі магілу, запячатаўшы камень і паставіўшы варту” (Мц 27, 66).
Апранутыя ў касцюмы рымскіх салдатаў тых часоў, хлопцы, змяняючыся па чарзе кожныя 15 хвілін, з кап’ём і шчытом у руках нясуць варту, аберагаючы Езуса ў грабніцы.
Такая ганаровая варта пры гробе Пана – традыцыя літургічнай службы алтара, якая патрабуе адпаведнай падрыхтоўкі. Хлопцы загадзя рэпетыруюць парадак выхаду на месца нясення варты, уладкоўваюць месца для адпачынку, рыхтуюць касцюмы.
Для кожнага міністранта гэта магчымасць быць разам з Езусам і ў думках перанесціся на дзве тысячы гадоў назад, каб быць сведкам самай галоўнай падзеі гісторыі чалавецтва.
Раман Ярмош