8 красавіка ў касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) адбыўся тэатралізаваны Крыжовы шлях. Велікапоснае набажэнства падрыхтавалі акцёры парафіяльнага тэатра імя св. Яна Паўла ІІ.
Сваімі перажываннямі дзеліцца адна з удзельніц гэтага набажэнства.
За вакном дзевятоўскай святыні вечарэла. Цемра змяняла дзень, ахутвала ўсё вакол. Толькі тут, ля ног Найсвяцейшага Адкупіцеля, ззяла святло. Яно было такім прывабным, што на яго ззянне вернікі з розных парафій Гародні, ад дзіцяці да пажылога чалавека, збіраліся пад дахам гэтай святыні, каб ужо праз момант, у вечар апошняй пятніцы Вялікага посту, разам пайсці шляхам Хрыста, нашага Збаўцы, які з’яўляецца светачам у нашым паломніцтве да Нябеснай Айчыны.
Калі цішыня пакрыла ўсіх вакол, хутка з алтара Пана прагучала тэма гэтага шляху: мой крыж – твой крыж. Мілагучныя матывы паліліся па ўсёй святыні. Акцёры парафіяльнага тэатра распачалі сваё выступленне. Гэта не быў традыцыйны Крыжовы шлях з пераходамі ад стацыі да стацыі, з нясеннем крыжа, з укленчваннем, разважаннямі і малітвамі. Гэта было штосьці іншае.
Вобраз сям’і, якая змагалася з нясеннем уласнага крыжа, зноў і зноў паўставаў на нашых вачах. Тата, мама, дзеці – усе яны адлюстраванне нашай штодзённасці, адлюстраванне кожнага з нас. Не жадаючы несці свой уласны крыж у сваім жыцці, Езус, з вялікай любоўю, прымае яго на Свае святыя плечы. А ў чым вінаваты Ён, Божы Сын? Той, які не меў ніводнага граху, становіцца для ўсіх нас прычынаю вечнага збаўлення. Праз несправядлівае асуджэнне, праз ускладанне бэлькі крыжа, праз падзенні і плач ерузалемскіх жанчын, праз здзіранне адзення, праз укрыжаванне і смерць на крыжы Езус Хрыстус, Сын Божы, дае нам прыклад сапраўднай любові, якая ідзе да апошняга дзеля Свайго стварэння.
На нашых вачах праз гульню акцёраў адна стацыя змяняла другую, пакідаючы ўсіх на сваіх месцах. Рознакаляровыя вобразы з імправізаванай сцэны стваралі кантрасты. Здаецца, нават месяц разам з зоркамі завіталі на гэтае адмысловае набажэнства, накіроўваючы сваё святло праз вокны парафіяльнай святыні.
З моманту асуджэння і смерці на крыжы вочы гледачоў глядзелі ў адным кірунку. А цэнтрам усяго быў крыж. Мой крыж і твой крыж. Незразумелая таямніца, самаахвярная любоў.
Быццам гром, па святыні праносіліся новыя пакутныя музычныя матывы. Вобразы Найсвяцейшай Маці Марыі, прымушанага Сымона, адважнай Веранікі, ерузалемскіх жанчын і самога Хрыста вярталі нас да разумення таго, што Крыжовы шлях – гэта не падзея, якая засталася ў гісторыі, але падзея сённяшняга дня, асабістага дня кожнага чалавечага цела і душы. Гэта падзея сям’і, падзея грамадства, падзея дзяржавы, кантынента і ўсяго свету. У кожным кутку Зямлі, дзе выдаваўся несправядлівы прысуд, дзе адбывалася ганебнае дзеянне супраць чалавека, дзе катавалася цела, дзе знішчалася душа, дзе быў забіты нявінны – паміраў Збаўца. У кожным церпячым быў Сын Божы…
Калі была пастаўлена кропка ў гэтым адмысловым набажэнстве, святар прамовіў малітву падзякі Усемагутнаму і ўдзяліў прысутным Божае благаслаўленне. Тэатралізаваны Крыжовы шлях быў скончаны. Людзі разыходзіліся, у касцёле пусцела. Але кожны з нас, выходзячы са святыні і вяртаючыся да сваёй зраненай штодзённасці, вяртаўся на свой жыццёвы Крыжовы шлях, на якім кожнага асабіста чакаў Езус Хрыстус – Найсвяцейшы Адкупіцель.
Вераніка Смыкоўская